Выбранае
Шрифт:
Спехам насунуўшы кароценькія, да каленяў, штонікі, пакінуўшы на пасля мыццё і чыстку зубоў, ён хуценька прашмыгнуў у маміну спальню. Запаветная шуфлядка камода была зачынена, але ключык тырчэў у яе дзірцы. Ён павярнуў яго і дрыготкімі ад шчасця рукамі выцягнуў слізкі ад лаку, нечакана цяжкаваты кабур, на драўляным баку якога блішчала знаёмая пласцінка з надпісам, які ён ведаў на памяць: «Чырвонаму камэску А.Сотнікаву ад Рэўваенсавета Каварміі». Першы ж дотык да апраўленай нейкім дарагім дрэвам разьбяной ручкі страхавітай радасцю ўскалыхнуў хлопчыка. Рукі яго ўпэўнена ўправіліся з зашчапкай, і вось ужо ўвесь пісталет туга, але падатна пайшоў з кабура, заблішчаўшы
Хвіліну ён стаяў змярцвелы, трываючы востры і няспынны звон у вушах. Ад сцяны адскочыла і пакацілася па падлозе гільза, а пад сталом аднекуль узялася тоўстая, паточаная шашалем шчэпка з чорнай касой адмецінай кулі.
Зразумеўшы, што адбылося, ён знобка ляснуў зубамі, сунуў пісталет у кабур, замкнуў усё ў камод і не мог знайсці сабе месца, пакуль не прыйшла маці. Тая адразу пачула нядобрае ў настроі сына, кінулася да яго з роспытамі, і ён расказаў усё, як было. Вядома, справіцца з такой бядой не магла і маці, яна таксама дужа спалохалася за яго, нават заплакала, чаго раней ніколі з ёй не здаралася, і сказала, што ён павінен шчыра пра ўсё расказаць бацьку.
Адважыцца на тое было нялёгка. Прыблізна ён ужо мог меркаваць, як да таго паставіцца бацька, але іншага выйсця ў яго сапраўды не было. Пакуль набраўся рашучасці, мінула гадзіна ці болей, і, нарэшце, сам не свой ён адчыніў дзверы ў каморку.
Бацька ўжо працаваў. Як заўжды, нізка схіліўшыся над падаконнікам, засяроджана калупаўся ў гадзінніку. Правая яго рука ў чорнай пальчатцы бяссільна ляжала на каленях, а левая спрытна калупала, вінціла, разнімала і складвала розныя маленькія штучкі, з якіх складаўся гадзіннік. На сценах няўлад адзін аднаму матлялі маятнікамі, ляскалі і цікалі два дзесяткі гадзіннікаў – ад танных, размалёваных па цыферблаце ходзікаў да спаважнага, у грувасткім футарале кутавіка з басавітым працяглым боем. Бацька не павярнуўся на яго ўваход, не падняў галавы, але пазнаў сына і зусім не да ладу цяпер запытаўся бадзёрым голасам:
«Ну, як справы, малады чалавек? Адолеў марыніста?»
Хлопчык праглынуў даўкі камяк – напярэдадні ён узяўся чытаць Станюковіча. З іншых кніжак, што ляжалі ў вялізным дзедавым сундуку-куфры, ужо мала што асталося не прачытанае ім, хіба што збор твораў Пісемскага і некалькі томікаў Станюковіча, адзін з якіх і выбраў яму надоечы бацька. Але цяпер было не да кніжак, і ён сказаў:
«Тата, я браў твой маўзер».
Бацька матнуў галавой, хутка паклаў пінцэт, звыклым рухам рукі зняў адны акуляры і цераз другія строга паглядзеў на сына.
«Хто дазволіў?»
«Ніхто... І ён стрэліў», – запалым голасам выціснуў з сябе сын.
Нічога болей не кажучы, бацька ўстаў і выйшаў з пакоя. Ён жа астаўся стаяць ля дзвярэй з такім адчуваннем, нібы яго павінны зараз пакласці пад нож гільяціны. Але ён ведаў, што вінаваты, і гатоў быў прыняць самую бязлітасную кару.
Неўзабаве бацька вярнуўся.
«Ты – шчанюк! – сказаў ён з парога. – Нявыхаваны, распешчаны смаркач! Як ты пасмеў без дазволу дакранацца да баявой зброі? Якое ты меў права лезці, як злодзей, у камод?»
Бацька доўга і бязлітасна крычаў на яго – і за неасцярожнасць, і за стрэл, які мог учыніць няшчасце, а найбольш за таемны намер, свавольства. Ён дасканала разабраў
«Адзінае, што змякчае тваю віну, дык гэта тваё прызнанне. Толькі гэта цябе ратуе. Зразумеў?»
«Ну».
«Калі сам, вядома, надумаўся. Сам?»
Адчуваючы, што канчаткова гіне, хлопчык матнуў галавой, і бацька, трохі спакайнеючы, трудна, працяжна ўздыхнуў:
«Ну і то дзякуй!»
Гэта было ўжо занадта – міжвольнай хлуснёй купляць бацькаву падзяку; у вачах у яго пацямнела, кроў хлынула да твару, і ён стаяў, не могучы ступіць кроку з месца.
«Ідзі гуляй», – сказаў тады бацька.
Так увогуле лёгка абышлося яму тое непаслушэнства – пакаранне дзягай яго мінавала, але яго маладушны ківок балючаю драпінай астаўся саднець у душы. З таго часу ён ні ў чым і ніколі не схлусіў ні бацьку, ні каму другому, за ўсё трымаў адказ, гледзячы людзям у вочы, – надта добра ён памятаў пакутную цану аслушэнства і маладушнае свае без’языкасці. Ён не ведаў пэўна, але, мабыць, і маці не сказала бацьку, па чыёй ініцыятыве адбылося тое прызнанне. Са шчаслівай упэўненасцю ў добрасумленнасці сына так і скончыў свой шлях на зямлі гэты кавалерыйскі камандзір, інвалід вайны і гадзіннікавы майстра, усцешаны перад смерцю надзеяй, што сыну дастанецца лепшая доля. І вось дасталася...
У ранішняй дрымотнай цішыні выразна затупалі боты, зверху глухавата данесліся галасы, гучней заляскалі дзверы. Тут, у склепе, найбольш былі чутны гэтыя дзверы, часам ад іх асабліва моцнага стуку ажно сыпалася са столі. Рыбак не спаў – падкурчыўшы ногі, моўчкі ляжаў на баку пад сцяной і слухаў. Цяпер уся яго ўвага перайшла ў слых. У акенцы патроху святлела, мусіць, на дварэ ўжо развіднялася, і ў гэтай іхняй каморы таксама стала што-колечы бачна. З ранішняй шэрасці вынікалі бязладныя, нібы скамечаныя постаці арыштантаў: Дзёмчыхі пад сцяной насупраць, далей у куце патроху варушылася высокая кучомка Пётры; Басі, праўда, амаль не было відаць у густым яшчэ змроку пад акенцам. Сотнікаў, як і раней, ляжаў на спіне побач і дыхавічна сіпеў. Каб не гэтае яго сіпенне, можна было б падумаць, што ён нежывы. Наставаў трудны, мабыць, апошні, дзень іх жыцця, яны ўсе адчувалі тое і прымоўклі, кожны паасобку перажываючы сваю паныласць і сваю бяду.
Боты наверсе затупалі часцей, усё грукалі дзверы. І раптам у склеп уварвалася гамана з панадворка. Рыбак падняў голаў, прыпёрся патыліцай да сцяны. Слоў нельга было разабраць, але было відавочна, што паліцаяў там назбіралася больш, чым учора. Што яны ўдумалі рабіць? І чаму ніхто яшчэ не спусціўся ў склеп? Быццам забыліся на іх.
Нехта прайшоў па-над самай сцяной, чутно было хрупасценне ботаў па снезе, непадалёк ад акенца штось стукнула, потым неяк дужа зблізку раздаўся грубы хрыпаты голас:
– Ды тут усяго толькі тры.
– А шуфля яшчэ была. Шуфлю паглядзі.
– Што мне шуфля! Рыдлёўкі трэба.
Нешта гучна залязгала, потым прарыпелі крокі, і зноў паблізу ўсё сціхла. Але гэта кароткая размова тужлівым спалохам ускалыхнула Рыбака – нашто рыдлёўкі? Рыдлёўкі толькі на тое, каб капаць, а што цяпер можна капаць? Акоп? Канаву? Магілу? Пэўна, магілу, але каму?
І тут ён успомніў: мабыць, сканаў той паліцай.
Ён павярнуў голаў, няўцямна паглядзеў перад сабой. Дзёмчыха з-пад пакамечанае хусткі гэтак жа трывожна-напружана глядзела на яго; у куце застыў, не варухнуўся Пётра. Ніхто не сказаў ні слова, усе ўслухоўваліся, тоячы ў душы страх і няпэўнасць.