Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Выбранае

Василь Быков

Шрифт:

Гэта было найгоршае, што магло здарыцца з імі: уся іх агнявая сіла прападала нявыкарыстанай. Зразумеўшы, што ім адведзены толькі секунды, Сотнікаў з байцамі як-колечы развярнуў апошнюю ўцалелую гармату проста на бруку і, не ўпёршы станін, ледзьве паспеўшы садраць чахол са ствала, паслаў цяжкі снарад у бок ворага. Спярша нельга было і згледзець, дзе тыя танкі; галаўныя ў калоне машыны гарэлі, уцалелыя байцы беглі назад, дым і пакарэжаныя трактары на дарозе не давалі прыцэліцца. Але неўзабаве між вербаў ён убачыў першы нямецкі танк, які пёр за канавай і, збочыўшы ствол гарматы, гахаў і гахаў стрэламі наўскасяк па калоне. Сотнікаў адштурхнуў наводчыка (гармата была ўжо зараджана), дрыготкімі рукамі давярнуў таўшчэзны гаўбічны ствол і ўрэшце злавіў гэтае яшчэ цьмянае ўранку страшыдла на перакрыжаванне панарамы.

Стрэл яго грымнуў, як удар грому,

гармата здорава аддала назад, балюча ўдарыла панарамай у скулу, у доле з-пад незамацаваных сашнікоў пырснуў сноп іскраў ад бруку, адна станіна ўрэзалася сашніком у броўку канавы, другая асталася на дарозе. Праз пыл, узняты стрэлам, ён яшчэ не паспеў што згледзець, але пачуў, як радасна закрычаў наводчык, і зразумеў, што папаў. Ён тут жа зноў кінуўся да панарамы – амаль закрываючы сабой усё яе шкло, за дарогай сунуўся другі танк; камбат скіраваў гаўбічны ствол яму проста ў лоб – так блізка той здаваўся ў оптыцы, – крыкнуў: «Агонь!» Замковы зрэагаваў у час, стрэл зноў аглушыў, але гэты раз ён паспеў адхінуцца і за пылам ад стрэлу ўбачыў – тое, што за секунду да таго было танкам, хруснула, нібы шкарлупіна ад яйка, і ад нутранога магутнага выбуху буйнымі часткамі разляцелася ў бакі. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі.

Неспадзявана іх ахапіў азарт баявой удачы. Ужо не зважаючы на страты, на забітых і параненых, што сплывалі крывёй на запыленым бруку, на агонь, што жор іхнюю тэхніку, на град куль адтуль, з танкаў, некалькі ўцалелых на дарозе гармат пачалі біць цяжкімі снарадамі па танках. Тым часам развіднела. Ужо стала відаць, куды цэліцца, некалькі пажараў джагалі агнём за дарогай – нямецкія машыны гарэлі.

Сотнікаў выпусціў дзесятак снарадаў і разнёс дашчэнту яшчэ два танкі. Але нейкае падсвядомае, надта абвостранае небяспекай адчуванне падказвала яму, што ўдача канчаецца, што адпушчаныя яму лёсам ці выпадкам секунды выкарыстаны цалкам, што наступныя другі ці трэці снарады адтуль будуць яго. Наперадзе жывых ужо, мабыць, не асталося нікога, апошнім прыплёўся адтуль і паваліўся, абліваючы крывёй станіну, камандзір палка, побач у канаве бахалі з карабінаў некалькі байцоў – цэлілі ў танкавыя шчыліны. Ля снарадных скрынак уткнуўся галавой у зямлю зараджаючы Золатаў, ззаду цэлы астаўся адзін толькі правільны Губайдулін; камбат крыкнуў яму зараджаць, але той, ці аглушаны, ці надта спалоханы, толькі ціснуўся спіной да станіны і невідушча глядзеў на яго. Тады Сотнікаў кінуўся да скрынкі са снарадамі сам, але яшчэ не дапоўз да яе, як ззаду ашалела грымнула. Ён тыцнуўся тварам у зямлю, дол рэзка падскочыў, дарога і зямля сталі дыбам, на некалькі доўгіх секунд чорнае покрыва заслала ад яго свет. Ён задыхнуўся ад пылу і зямлі, якой забіла яму нос і рот; адчуўшы краёчкам свядомасці, што жывы, тут жа тузануўся з долу і пад градам земляное трухі, якая абрынула зверху, вертануўся да панарамы. Але яго гаўбіца ўжо скасабочылася на краі глыбокай рытвіны, ствол вывернула ўбок, смуродна гарэла гумовае кола. І ён зразумеў, што гэта – усё. Ён не ведаў яшчэ, ці сам цэлы, ён толькі адчуваў, што аглух, выбухі ў ягоных вушах адгарадзіла шчыльнай сцяной, іншыя гукі ўсе разам зніклі, у галаве шыпела і гуло. З носа ішла кроў, ён размазаў яе па твары і кульнуўся з дарогі ў канаву: насупраць за вербамі ішоў, мусіць, той самы танк, што падбіў яго. На ветры хутка мільгалі рваныя чорныя космы дыму ад ахопленага полымем трактара, тлуста смярдзела саляркай і трацілам ад выбухаў, побач тлела гімнасцёрка на плячы ўжо нежывога камандзіра палка. Збянтэжаны нечаканасцю, збіты з панталыку разгромам, Сотнікаў хвіліну нібы не разумеў, што адбылося, не мог паверыць, што гэта не сон. Трываючы дым, які еў вочы, ён толькі глядзеў, як ішлі па той бок нямецкія танкі, ужо добра відаць былі на іхніх бартах лічбы і чорна-белыя, выбітыя па трафарэту крыжы. Свайго жыцця яму было не шкада, ён толькі не ведаў, што рабіць далей. І тады нехта тузануў яго за рукаў. Ён павярнуў голаў і ўбачыў запэцканы сажай і крывёй твар Конкіна, які нешта крычаў яму і паказваў рукой у тыл, дзе, прыгнуўшыся, перабягалі байцы.

Па канаве яны пабеглі за ўсімі.

3

Рыбак абышоў мысок хмызняку і спыніўся. У прыцьмелай шэрасці начной прасторы на касагорыне відаць сталі крайнія будыніны вёсачкі. Як яна выглядае адсюль, Рыбак ужо забыўся: у пачатку восені яны праходзілі непадалёк па дарозе, але ў самую вёску

не завіталі. Зрэшты, тое цяпер было няважна – важней было вызначыць, ці ціха там у гэтую ноч, каб не напароцца на немцаў або паліцаяў.

Стоячы на краі хмызу, ён хвіліну ўглядаўся-ўслухоўваўся, ды нічога падазронага быццам не было чуваць. Даляцела некалькі няпэўных уночы гукаў, па-ранейшаму пругка і настойліва дзьмуў вецер, ціха пасвістваў побач у мёрзлым галлі, пахла дымам – недзе, мусіць, палілі. Тым часам падышоў Сотнікаў і таксама спыніўся, услухаўся.

– Ну, што?

– Здаецца, ціха. Пайшлі памалу.

Вядома, было б карацей скіраваць да крайняй у гэтай вёсцы хаціны, што вунь стаяла, уросшы па самую страху ў снег, з прыстаўленым да яе жардзём, – там пачыналася вуліца. Але менавіта таму Рыбак і прамінуў крайнюю – калі што, ля яе заўжды рызыкуеш напароцца на непрыемнасць; у канцы вуліцы звычайна канчае свой маршрут вартаўнік ці патруль, наладжваюць засаду паліцаі. І ён узяў па снезе ўбок, уздоўж плота па лагчынцы, беручы кірунак да недалёкіх будынін наводшыбе (мабыць, гумнаў), што цесненька стоўпіліся ўнізе. Там, за растрэсканым вуглом пунькі ці тока з прадранай страхой, яшчэ пастаяў, паслухаў і з аглядкаю падаўся на прыгуменне. Наўсцяж ад гумна было рукой падаць да нізенькай і нейкай адзінокай пры хлеўчуку хацінкі; на снезе да яе нават аказалася цвёрдая сцежка; ён зрабіў па ёй са два крокі і тут жа саступіў убок – дужа рыпела пад ботамі. За ім таксама саступіў Сотнікаў, і яны абапал сцежкі пайшлі па снезе да хаты.

У той час да іх слыху даляцеў стук – хтось нібыта сек дровы, але рабіў гэта неяк вяла, нібы знясілеўшы ці з роздумам. Рыбак трошкі парадаваўся: калі сякуць дровы, то, мусіць, у вёсцы чужых няма. Да таго ж – не трэба стукаць, прасіцца ў хату: што трэба, можна разведаць у дрывасека. Праўда, ён тут жа падумаў, што неасцярожнасцю можна здаля напалохаць чалавека, тады ты яго ўжо не выцягнеш з хаты. Маючы гэта ў думках, ён як мага цішэй абышоў хляўчук, перажаргнуў кінутыя ў снезе жардзіны, паціху выйшаў з-за вугла на падворак.

У полі на снезе было святлей і відаць далей, а тут, у цемнаватым мроіве двара, ён не адразу зразумеў, што перад ім на дрывотні жанчына. Цяпер яна ўжо не секла, а нешта калупалася там, ціха і зласнавата мармычучы сама сабе. Пачуўшы іх крокі, жанчына страпянулася, кінула сякеру і аж войкнула.

– Ціха, мамаша!

Яна стаяла зусім разгубленая перад ім – нізенькая стараватая кабеціна ў хустцы – і не магла вымавіць слова. Рыбак асцярожліва зірнуў на дзверы ў хату, тыя былі зачынены, болей на двары быццам не было нікога. Зрэшты, ён не надта і баяўся і азіраў наваколле дзеля пэўнасці. Ён ужо зразумеў, што ў гэтай вёсцы спакойна; паліцаі, мабыць, заселі за самагонку, а немцы наўрад ці тут паяўляліся.

– Ах, Божухна, напалохалася я. Ай, Госпадзі...

– Ладна, будзе хрысціцца. Паліцаяў у вёсцы многа?

– А няма паліцыянтаў. Быў адзін, ды ў мястэчка перабраўся.

Так. – Рыбак прайшоўся па панадворку, выглянуў з-за рога. – Вёска як завецца?

– Лясіны. Лясіны вёска, – поўная ўвагі і яшчэ не апамятаўшыся ад утрапення, казала цётка. Сякера яе глыбока сядзела ў сукаватым яловым палене, якое яна, відаць, марна старалася рассекчы папалам.

Рыбак адразу прыкінуў, што зусім няблага было б тут і атаварыцца: падыход – выхад харошыя, на дарозе гумно, лясок, яны някепска прыкрываюць ад чужога вока. Цікава толькі, чым можна пажывіцца на гэтай сядзібе?

– Хто яшчэ дома ёсць?

– Дык адна ж я, – хуценька сказала цётка.

– І больш нікога?

– Анягож. Адна і жыву, – жалліва сказала кабета, усё надта пільна сочачы за яго рухамі – сілілася адгадаць таемную мэту начнога з’яўлення гасцей.

Рыбака, аднак, гэта мала цікавіла і мала кранала – і яе жалобна-жаласлівы тон і тое, што яна адна. Ён ужо ведаў гэты вяскова-жаночы звычай – разжаліць яго было цяжка. Ён вывучаў абставіны на падворку – убачыў расчыненыя вароты ў хляўчук і зазірнуў у яго глухі, поўны гнойнага паху змрок.

– Што, пуста?

– Пуста, анягож, – з набалеласцю пацвердзіла кабета, не адыходзячы ад сякеры. – Забралі ўсё чыста.

– Хто забраў?

– Ведама ж хто. Як у чырвонаармейскай мацеры. Каб ім падавіцца.

Калі жанчына кляне – значыць, можна паверыць. Рыбак ціха крэкнуў: напаў, ды не на тое, прыйдзецца шукаць дзе яшчэ. Вядома, мусіць, можна б сёе-тое знайсці і ў гэтай бедалагі (курыцу там ці парася), але не да ніткі ж абіраць яе, і без таго ўжо абрабаваную немцамі.

Сотнікаў, ссутуліўшыся, маркотна чакаў пад сцяной, а Рыбак павярнуўся да цёткі.

Поделиться:
Популярные книги

Ваш ребенок

Сирс Уильям
Дом и Семья:
прочее домоводство
6.25
рейтинг книги
Ваш ребенок

Вечный. Книга VI

Рокотов Алексей
6. Вечный
Фантастика:
рпг
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга VI

Театральная Энциклопедия

Неизвестен 3 Автор
Справочная литература:
словари
5.00
рейтинг книги
Театральная Энциклопедия

Далекие королевства

Банч Кристофер
1. Далекие Королевства
Фантастика:
фэнтези
7.75
рейтинг книги
Далекие королевства

Эволюционер из трущоб. Том 16

Панарин Антон
16. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
аниме
попаданцы
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 16

Не та профессия. Тетрология

Афанасьев Семён
Не та профессия
Фантастика:
фэнтези
3.60
рейтинг книги
Не та профессия. Тетрология

И она поблагодарила богов

Адлер-Ольсен Юсси
Детективы:
триллеры
5.00
рейтинг книги
И она поблагодарила богов

Кодекс Охотника XXXI

Винокуров Юрий
31. Кодекс Охотника
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника XXXI

"Фантастика 2023-108". Компиляция. Книги 1-16

Мельцов Илья Николаевич
Фантастика 2023. Компиляция
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Фантастика 2023-108. Компиляция. Книги 1-16

Свободное радио Альбемута (сборник)

Дик Филип Киндред
Шедевры фантастики
Фантастика:
научная фантастика
5.00
рейтинг книги
Свободное радио Альбемута (сборник)

Кабинет фей

д’Онуа Мари-Катрин
Литературные памятники
Детские:
сказки
5.00
рейтинг книги
Кабинет фей

"Фантастика 2025-10". Книги 1-31

Вальтер Макс
Фантастика 2025. Компиляция
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Фантастика 2025-10. Книги 1-31

Unknown

Алиева Марина Владимировна
Проза:
историческая проза
5.00
рейтинг книги
Unknown

Я уже князь. Книга XIX

Дрейк Сириус
19. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.50
рейтинг книги
Я уже князь. Книга XIX