Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Аблава

Быкаў Васіль

Шрифт:

Гэта зладзюга Рудзі, мусіць, кожную гадзіну дома толькі і дбаў, каб зрабіць што брыдкае парабкам. То ён падапрэ каго калком у прыбіральні, то выцягне з хамута супонь, калі трэба запрагаць каня, то падставіць пад хвост кабыле іхні жбан ад квасу. Аднойчы ён выняў з нагружанай фуры шворан, і як Хведар пагнаў каня, фура звалілася з перадка, рассыпаўшы па вуліцы бульбу. Хведар кінуўся яе збіраць, а той Рудзі ад смеху хапаўся за жывот у гародзе, і Хведар, не доўга думаючы, агрэў яго цераз плот пугай. Затым сабраў усё да бульбіны, наладзіў фуру і, нічога нікому не сказаўшы, паехаў у поле. А калі ўвечары вярнуўся ў двор, дык убачыў там старога гаспадара, счырванелую ад гневу Герду і таго злыдня Рудзі з крывавым пісягом на шчацэ. Стары Ёган тут жа распачаў следства, Хведар спрабаваў апраўдацца, але яго не захацелі і слухаць. Нявестка нешта гырчэла пра камендатуру і гаўптвахту, але свёкар сказаў, што гаўптвахты не будзе: ён не можа дазволіць, каб у гарачы дзень веснавых работ ягоны работнік сядзеў у кутузцы ці ляжаў на тапчане з пасечаным бізунамі задам. Ён яго пакарае ганьбай — заўтра Фэдэр пойдзе на працу ў адной кашулі, без порткаў.

Спярша Хведар не зразумеў нават: што гэта за дзіўная кара — без порткаў? А адных

падштаніках, ці што? Але аказалася, што не ў падштаніках — зусім без нічога аднізу. Было не сцюдзёна, прыгравала сонца, але пакутам Хведара не было межаў. Увесь час і так і гэтак тузаў долу падол сподняй сарочкі, каб хоць як прыкрыць свой мужчынскі сорам, але прыкрыць не было як — трэба ж было працаваць: нагружаць у фуры бульбу, цягаць кашы ў полі. А навокал былі людзі, немцы і немкі, іхнія дзеці, хлопчыкі і ладныя ўжо дзяўчаты, усе з рогатам ці ўтрапёна пазіралі на яго, і ён гатовы быў завыць ад сораму і крыўды. Ён ледзь дачакаўся вечара таго бясконцага доўгага дня і, прыбіўшыся ў свой катух, без вячэры шаснуў пад коўдру. Якое гэта было неспазнанае шчасце — адчуць сваё цела прыкрытым ад чужых вачэй! Усё ж яму ішоў тады трыццаць першы год, ён быў жанаты і думаў, што горшага здзеку прыдумаць ужо немагчыма, гэты — самы вялікі. Але мінуў час, пасыпаліся іншыя здзекі, у параўнанні з якімі адмысловая выдумка таго баўэра здавалася недарэчным жартам — не болей.

Голадна глытаючы слінкі, Хведар скорчыўся пад кустамі на дробнай траве, увабраў галаву ў шырокі, злямцаваны каўнер свае світкі, засунуў рукі запазуху і ляжаў так. Вочы часам заплюшчваў, нічога не бачачы наўкола, ды адсюль няшмат можна было і згледзець. Затое ягоны слых быў, як заўжды, абвострана-чуйны. Здаецца, і ў сне. Хведар прыслухоўваўся да наваколля, бо чым жа яшчэ мог ён засцерагчыся ў ягоным становішчы? Лес пачаў трошкі шумець, але ўвогуле скрозь стаяла лясная ціша; часам пырхала ў кустоўі птушыная драбяза, ды тое не парушала Хведаравага спакою. І памалу, неўпрыкмет ён быццам бы адасобіўся ад гэтага лесу і гэтага часу, бы засынаючы, убачыў сябе здаля і мо ўпершыню зразумеў усю гароту свайго становішча. Тое відовішча самога сябе прымусіла яго схамянуцца ад нейкага здзіўлення, ці што. Сапраўды, чаму ён непрытульна ляжаў тут, праз дзве вярсты ад тае мясціны, дзе ўпершыню ўбачыў свет, дзе ён пражыў сталае сваё жыццё, дзе нарадзіліся яго дзеці? Чаму ён стаў тут для ўсіх жахлівым чужынцам, хто ў тым вінаваты? Можа, адзін сам? Ці і яшчэ хто іншы? А можа, і ніхто? Але ж як тады ўсё тое стала магчыма? Увогуле гэта ж трэба так вось страціць усё, зрабіцца выгнаннікам, беглым катаржнікам, чалавекам без права і закону. І як усё пачалося? Колькі ён думаў пра тое, як і з чаго пачалося, — выразнага адказу знайсці не мог. Бо пачалося ўсё неяк няўзнак, недаўменна і неспадзявана, а абярнулася менавіта тым, чым абярнулася. Ці мог ён прадбачыць усё ў той завірушны вечар, як яны сядзелі ў сельскай хаце і старшыня Сокур вынес на абмеркаванне загадкавае пытанне: на каго размеркаваць тры цвёрдыя заданні, якія ён прывёз з райвыканкома? Нялёгкая была гэта справа для членаў сельскага Савета, якім з'яўляўся тады і Хведар Роўба. Тыя гады ён лічыўся серадняком — па колькасці сваіх дванаццаці гектараў зямлі. Было некалькі гаспадарак, багацейшых за яго, мелі па чатырнаццаць і пятнаццаць гектараў. Але што то былі за гектары? Змітрок Бядута, напрыклад, меў іх шаснаццаць, але жыў бедняком, бо рабіць на зямлі не было каму, два сыны не вярнуліся з вайны, сам быў стары і нямоглы. Ягоны надзел — дальняя прырэчная балацявіна за час вайны, рэвалюцыі і польскай вайны спрэс зарасла кустоўем і толькі што на паперы лічылася ворывам. Але недзе лічылася, і Змітрок самы першы атрымаў позву на цвёрдае заданне. Ён жа, Хведар, дык і не думаў ніколі, што яго можа напаткаць такі самы лёс, хоць і жыў збольшага спраўна, але ж які ён кулак? Адзін конь, дзве каровы, авечкі, свінчо — бадай як і ва ўсіх астатніх у Нядолішчы. Што былі гусі, дык сажалка ж у канцы гародаў. Цёк ручай з балацявінкі, неяк увесну яны з сынам запрудзілі яго ля мастка, нацякла ладная сажалка ды так і засталася. Але, мусіць, не тое вызначыла яго кулаком, а малатарня.

Хай яна спрахне, тая малатарня, навошта ён з ёю звязаўся! Малаціў бы, як і раней, цапамі, ужо не так шмат было таго збожжа, каб яго за зіму не абабіць на таку ў тры цапы. Дык не, захацелася, каб культурна, каб малатарняй…

Як цяпер помніцца, думку пра тое падаў сын Міколка. Тады ўжо ён быў ладны дзяцюк, увосень збіраўся на прызыў у Чырвоную Армію і лічыўся сакратаром камсамольскай ячэйкі ў Нядолішчы. Як ён стаў сакратарыць, у хаце паявіліся газеты і брашуры, некаторыя цікавыя часопісы, як «Бязбожнік», напрыклад. Звычайна сын быў дужа заняты дзень і чытаў толькі ноччу пры лямпе, а назаўтра што цікавейшае падсоўваў бацьку — то артыкул у «Беларускай вёсцы» пра падаткі і самааблажэнне, то выступленне таварыша Сталіна пра апазіцыю, а то брашуру наркома Прышчэпава пра культуру сельскай гаспадаркі. Хведар чытаў збольшага, не дужа ўсё разумеючы, але галоўнае ён цяміў спраўна: жылі сапраўды кепска, бедна, малакультурна, гаспадарку вялі няправільна. Гэта — вядома, на кепскае ён даволі нагледзеўся. Але як гаспадарыць правільна? Мусіць, каб правільна весці гаспадарку, аднаго ведання мала, патрэбны грошы, інвентар, угнаенні. Каб было больш угнаення на яго гектары, завялі другую кароўку, выгадавалі цялушачку, хоць малака для іхняй сямейкі хапала і ад адной галавы. Гады чатыры перад тым Хведар, можа, самы першы ў вёсцы, купіў у Полацку плуг — новенькі, фабрычны, афарбаваны ў сіні колер, з роўненька вытачанымі дубовымі ручкамі. Спрытны аказаўся плужок, адна радасць была араць ім, нават прыходзілі паспрабаваць суседзі. Пасля купілі плугі і яшчэ некалькі мужыкоў. Плугі ўсім падабаліся.

І вось неяк увосень позненька ўвечары прыходзіць Міколка. Стомлены, згаладнелы, у гразкіх ботах, аказваецца, быў на нейкай нарадзе ў раёне. Маці хутчэй міску на стол, ён з'еў троху і кажа: «Бацька, а давай купімо малатарню. Ёсць такая магчымасць праз патрэбкааперацыю. Грошы можна не разам — у россрочку». Хведар адказаў не адразу, падумаў. Канешне, яно б дужа не блага, тая малатарня, ён ужо бачыў такую ў суседняй вёсцы Шаўцы. Летась там тры ці болш гаспадаркі склаліся і купілі, казалі, добра малоціць, дужа давольныя былі мужыкі. І лягчэй,

чым цапамі, і хутчэй. Але ж… Бы чула ягонае сэрца, чым тое можа абярнуцца. Ужо ведаў прыкмету: новае і небывалае ў сялянскім жыцці — часта пахне махлярствам ці дурасцю, і трэба папярэдне прыгледзецца, каб не ашукацца. Ён так і сказаў сыну, а той толькі засмяяўся: як гэта ад малатарні можа быць кепска? Гэта ж за тыдзень з малацьбой можна ўправіцца, не тое што ўсю зіму цапамі махаць. Яно так, канешне, думаў Хведар, ды ўсё маўчаў, вагаўся. Уранку, як Міколка пабег па сваіх камсамольскіх справах, асцярожна параіўся з Гануляй і вырашыў: купім. Пакуль не перакупіў хто спрытнейшы з якой іншай вёскі.

Малатарню прыцягнулі на трэці дзень пасля пакроваў. Памог швагер Тамаш, доўга ладзілі пад павеццю прывад з драўлянымі дышламі і жалезнымі прэнтамі перадачы. Адклаўшы свае камсамольскія справы, памагаў і Міколка, усё ж ён таксама разбіраўся ў сучаснай сялянскай тэхніцы. Урэшце ўсё наладзілі і апробавалі новую машыну. Ну, канешне, ніякага параўнання з цапамі — і хутка, і якасна. Праўда, народу для абслугі трэба болей, чым на таку; развязваць перавяслы, падаваць на стол, затым адзін машаніст, самы галоўны чалавек на малатарні, двое адграбаць зерне і прыбіраць салому. І яшчэ паганяць коней у паветцы. Чалавек шэсць, не меней, патрабавала да сябе тая малатарня. Але ўсё апраўдалася. Малацілі талакой, гаспадаркамі дзвюма ці трыма адразу, як калі складвалася. Хведар нікому не адмаўляў, меркавалі як хто хацеў, а плацілі, хто колькі мог. У залежнасці ад намалоту, канешне. Усё па добрай волі, што ж ён які эксплуататар для сваіх сяльчан? Мусіць, ён бы даў малаціць і дарма, але трэба былі грошы, усё ж малатарня каштавала не дзешава, і хоць узялі ў крэдыт, але сплочваць трэба было кожны квартал. Да каляд памалацілі ўсе суседзі і некаторая яго радня. Нават прывозілі з суседніх вёсак. Усім малаціў Роўба.

Нядоўга, аднак, пагрукацела на ягоным таку тая чырвоная малатарня. У наступную восень прыйшоў той самы сельсавецкі старшыня Сокур, з ім яшчэ нехта вусаты з раёна і апячаталі. Аказваецца, дапусціў ён эксплуатацыю, непрацоўны даход. «А як жа цяпер? Што будзе?» — пытаўся Хведар. «Што будзе, тое і будзе», — цьмяна адказаў вусаты, зашчапляючы свой пацёрты партфельчык. Яны ўдвух, не азіраючыся, пайшлі са двара, а ён моўчкі стаяў ля варот, ужо адчуваючы, што гэта — не страта малатарні. Гэта — пачатак і яшчэ большай бяды, што чорнай варонай закружылася над яго галавой. Міколкі ў той час ужо не было дома, месяцы два, як прызвалі на вайсковую службу, адправілі на далёкаўсходнюю граніцу. Прыслаў адтуль першы ліст, апісваў, як адказна і пачотна служыць на самай баявой граніцы, «у непасрэдсцвенным сапрыкаснавенні» з японскімі самураямі, і што давер родзіны ён апраўдае. Хведар скупа яму адпісаў пра іхняе жыццё, але пра малатарню не ўставіў ні слова. Хай сын служыць спакойна, апраўдвае давер родзіны.

А ў Нядолішчы на той час заварыліся малавясёлыя справы. Знайшліся зайздроснікі, як той Зыркаш, якія напісалі на яго за малатарню ажно ў Полацк — што абірае сялян. Але ж хіба ён абіраў?.. А як сталі размяркоўваць цвёрды падатак, адразу ўспомнілі тую матараню, і Сокур сказаў, што тут будзе па справядлівасці, на малатарні Роўба нешта заробіў. Хведар не ведаў, як адказаць: коратка адказаць ён не ўмеў, а доўга тлумачыць не было як. І выйшла так, што старшыня меў рацыю: заробіў Роўба ці не, але ў вёсцы другой малатарні не было, і цвёрды падатак прыляпілі яму законна.

Цяпер, падумаўшы, дык разумееш — на чарта яму здалася тая малатарня? Лепей бы, як спрадвек, малацілі цапамі, мелі б які-ніякі хлеб і сваё жытло. І не мелі б таго няшчасця, што, як з прорвы, абрушылася затым на яго сямейку.

Але, мусіць, тады нічога ўжо не ўратавала б, малатарня была толькі прычэпкай. Так ужо калі гружаны воз пахінецца ў калдобіне, дык, як ні хапайся рукамі, абернецца, адзін бок перасверыць другі. Тая малатарня была толькі апошнім давескам, які перасверыў яго і без таго нахілены воз жыцця. Бо яго пазначылі, як пазначаюць памаўзлівую скаціну ў статку, нейкая адзнака асаблівасці з'явілася на ягоным прозвішчы ў сельсавеце ці, можа, у раёне. Той цвёрды падатак — семдзесят пудоў збожжа ён неяк сплаціў, хоць падмёў усе хлебныя засекі ў клеці — вывез усё да першага сакавіка, як і прадпісвала абвестка. Галаднавата стала ў іх на стале, невядома, чым было засеяць яравы клін: засталося пуды два ячменю і трохі аўса. І ён не ведаў: ці прыкупіць астатняе, ці пазычыць у каго? Ён яшчэ не надумаў, як яму выкруціцца з ярыной, калі прынеслі новы, яшчэ болей цвёрды, падатак: на гэты раз восемдзесят пудоў збожжа і сто рублёў грашыма. Ён сказаў сабе: з глузду яны там з'ехалі, дзе ён гэтулькі возьме? Бегаў у сельсавет, ездзіў у раён да знаёмага сакратара Церабільнікава, які яшчэ з ягоным Міколкам разам працаваў у камсамоле, — скардзіўся, тлумачыў, прасіў. Не, не памагло нічога, сказалі: не сплоціш у срок, апішам усю гаспадарку, «в том чысле будынкі і жывёлу». Пабедаваў з тыдзень і пачаў хадзіць па радні, сваёй і жончынай, па хоць бы трошку заможных людзях у вёсках. Але ўсе нібы здранцвелі, аглухлі да чужой бяды, ніхто нічога не даў. Мусіць, кожны думаў, як выкруціцца самому, бо Роўба ўжо не першы быў абкладзены цвёрдым падаткам, чуў, такі ж падатак панакладвалі і ў іншых вёсках. Тады кінуўся прадаваць малатарню, абвясціў у вёсцы, у суседніх паселішчах. Ды ніхто не купляў, не пытаўся нават. Мусіў папрадаваць жывёлу, абедзвюх кароў, усе авечкі, дзвюх свіней. Дурны быў, не ведаў, што дарма ўсё гэта, не ўратуе і квітанцыя аб поўным разліку. Нічога, мабыць, ужо не магло ўратаваць, калі хтосьці надзяліў яго паганым з страшным словам «кулак».

Неяк тады, бегаючы па грошы, спаткаў у мястэчку Наэма, старога яўрэя, з якім калісьці меў справу, як купляў малатарню, ды заходзіў да яго і раней. Дружбы між імі вялікай не было, але Наэм мог пазычыць грошы і нават пачакаць, калі не выпадала аддаць, як дамаўляліся, ці замест рублёў мог узяць яйкі, масла ці нават пару мяхоў бульбы. Заўжды дзелавы, рухавы Наэм брыў па вуліцы, бы нічога не заўважаючы вакол. Усё ж Хведар павітаўся, і яны разгаварыліся трохі, і тады Хведар дазнаўся, што і ў Наэма таксама нелады з уладай. Як Хведар паскардзіўся на сваю бяду, стары яўрэй узяў яго за гузік і дужа пацягнуў да сябе. «Я табе скажу: кідай усё, бяры дзяцей у ахапку і ўцякай. Куды? Няважна куды, — куды вочы глядзяць. Пасля позна будзе… Гэта табе кажа Наэм! Я ўсё кінуў і во з гэтым вандзэлкам іду на станцыю. Я тут не жыхар болей! Я — бежанец! Ты мяне паслухай, Хведар!»

Поделиться:
Популярные книги

Проводник

Кораблев Родион
2. Другая сторона
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.41
рейтинг книги
Проводник

Генерал Корнилов

Кузьмин Николай Павлович
Документальная литература:
биографии и мемуары
6.25
рейтинг книги
Генерал Корнилов

Я не царь. Книга XXIV

Дрейк Сириус
24. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Я не царь. Книга XXIV

Танковые сражения. Боевое применение танков во Второй мировой войне. 1939-1945

фон Меллентин Фридрих Вильгельм
За линией фронта. Мемуары
Документальная литература:
биографии и мемуары
6.50
рейтинг книги
Танковые сражения. Боевое применение танков во Второй мировой войне. 1939-1945

Изменяющий-Механик. Компиляция. Книги 1-18

Усманов Хайдарали
Собрание сочинений
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Изменяющий-Механик. Компиляция. Книги 1-18

Том 1. Повести, рассказы, стихи 1892-1894

Горький Максим
1. Собрание сочинений в тридцати томах
Проза:
русская классическая проза
5.00
рейтинг книги
Том 1. Повести, рассказы, стихи 1892-1894

Масоны

Писемский Алексей Феофилактович
Проза:
русская классическая проза
6.25
рейтинг книги
Масоны

Шайтан Иван 5

Тен Эдуард
5. Шайтан Иван
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
историческое фэнтези
5.50
рейтинг книги
Шайтан Иван 5

Потерянный разум

Кара-Мурза Сергей Георгиевич
Научно-образовательная:
политика
5.00
рейтинг книги
Потерянный разум

Атлас Богов

Марков Александр Владимирович
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Атлас Богов

Далёкий край (др. изд.)

Задорнов Николай Павлович
1. Освоение Дальнего Востока
Проза:
историческая проза
7.00
рейтинг книги
Далёкий край (др. изд.)

Тактик

Земляной Андрей Борисович
2. Офицер
Фантастика:
альтернативная история
7.70
рейтинг книги
Тактик

Сборник.Том 8

Азимов Айзек
8. Отцы-основатели. Весь Азимов
Фантастика:
научная фантастика
5.00
рейтинг книги
Сборник.Том 8

Вояж с морским дьяволом

Литвиновы Анна и Сергей
Татьяна Садовникова
Детективы:
прочие детективы
7.71
рейтинг книги
Вояж с морским дьяволом