Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Аблава

Быкаў Васіль

Шрифт:

Хведар узяў тую даведку на імя Зайцава Андрэя Фаміча, яна і праўда неўзабаве дужа яму спатрэбілася. І ён быў бы шчыра ўдзячны брыгадзіру, калі б не тая цана, якую ён за яе заплаціў. Тая непамерная цана замінала яго ўдзячнасці, і ён часам думаў, што ў параўнанні з загубленай дзіцячай душой усё тое — дробязь.

Поўня на небе ярка свяціла між хмар зыркім сцюдзёным святлом, кладучы наўкось на магілах частыя цені ад крыжоў. Воддаль на выспе пад хвоямі стаяў чорны змрок, які шырокім і даўгім ценем амаль дасягаў дальняга краю могілак па-над выганам. Тут жа было ўсё добра відаць — кожны крыж і кожная купінка магілы. І толькі калі ў небе насоўвалася суцэльная хмара, тады ўсё навакол патанала ў цемрадзі. Хведар нібы заплюшчваў вочы і невідушча стаяў між магіл. Увогуле тут яму было добра, нават спакойна і ўтульна: ён нібы далучаўся да аднасяльчан і ладзіў з імі нетаропкую маўклівую бяседу — і пытаўся, і скардзіўся, і разважаў. Шкада, што не меў адказу, ну але ўжо ён прывык да таго, нібы аглух за многія тыдні свайго адзінокага блукання. У задуменні тупаючы між магіл, напаткаў і дбайна

прыбраную магілу — на схіле бліжэй да крайніх аграмадзін-хвояў. Тут сапраўды кідаўся ў вочы дагляд і дбайнасць — магіла было роўненька абкладзена дзёрнам і свежа пасыпана дробным белым пяском, васьміканцовых крыжоў мясцілася аж два разам — меншы і большы за ім, абодва фарбаваныя белаю фарбай. Поруч прыткнулася спрытная, бы дзіцячая, лаўка, на якую, стаміўшыся, прысеў Хведар. Хто тут пахаваны, ён не мог здагадацца. Ужо, мабыць, не стары, не дзед і не баба, магілы старых так на ахаджваюць. Можа, гэта так пастаралася жонка для любага мужа? Але жонка наўрад ці зрабіла б усё так майстроўна і дбайна. Тады муж — жонцы? Ці хутчэй за ўсё бацькі — свайму дзіцёнку, мабыць, так. Але нідзе не напісана нічога — безыменная магіла, навек прапісаная толькі ў сэрцах, блізкіх нябожчыку.

А ў яго Волечкі, мабыць, няма ўжо і купінкі…

Доўжылася ціхая месячная ноч. На могілках стала сцюдзёнавата, надвор'е ці не меціла павярнуць на замаразкі, думаў Хведар, панікла седзячы ля прыбранай чужой магілкі. Яму нікуды не хацелася рушыць адсюль, тут ён, як нідзе ў іншым месцы, адчуваў сябе ў спакоі, адноснай бяспецы. Мусіць, недзе пад ранак закацілася-знікла поўня, навакол стала цёмна, бы ў склепе. Да начной цемрадзі Хведар, аднак, даўно прызвычаіўся, цемра яго не палохала. І ён сядзеў, прыпамінаў, думаў. Жаваў кіслыя журавіны, ашчадна выбіраючы з кішэні па две-тры ягады разам. І, мабыць, трохі драмаў. Толькі, як заўжды, пачала даймаць сцюжа. Да сцюжы ён не мог прызвычаіцца, асабліва пад старасць, на дрэнных харчах і пакутаваў ад яе ў ссылцы і тут во таксама. Можа, таму, што намёрзся, як ніхто за жыццё. Не ўмеў грэцца, як іншыя, ляскаючы сябе рукамі, прысядаць і тупаць. На сцюжы ён дубянеў, сціскаўся, нерухомеў — трываў. Таксама як трываў голад, знясіленасць, ганьбу. Ужо нямала гадоў усе яго намаганні ішлі на адно толькі — трываць. Ён не ўзрываўся, як некаторыя, калі, здавалася, трываць было неяк, не абураўся ад кепскіх харчоў, зверскай працы ці людской несправядлівасці, толькі сціскаў зубы, калі тыя яшчэ былі ў яго, і — трываў. Мусіць, не было ў свеце такіх абставін, якія б ён не навучыўся трываць. Апроч хіба аднаго — няволі-журбы расстання. Тут ужо ён не мог перайначыць сябе, ягоная натура насуперак усім абставінам імкнулася дамоў — праз безліч небяспек і нягод. Тады, першы раз, не ўдалося, не пашэнціла другі раз. Затое дамогся таго трэцім разам і цяпер быў амаль шчаслівы. Дык што яму цяпер сцюжа! Ці голад! Урэшце ён быў там, дзе марыў апынуцца пяць жахлівых гадоў. Што яму болей?

Мусіць, трэба было ісці ў лес, каб ранкам не налезці каму на вочы, але ён разморана бавіў цёмны перадсвітальны час, вагаўся. Яшчэ праз нейкі нядоўгі час прыкмеціў, што на могілках стала відней, выступілі са змроку бліжнія магілы і крыжы, і ён зразумеў: світае. Ускраек неба над лесам ужо засвятлеўся на самы першы зачын новага дня, і ён устаў з лаўкі. З'явілася думка менавіта такою гадзінай, на ціхім золку, пакуль не абудзілася вёска, яшчэ прайсці па вуліцы — хто ведае, можа, астатні раз, болей ужо не прыйдзецца. А цяпер, можа, ніхто не згледзіць.

Вузенькай дарожкай паміж магіл прайшоў праз густы змрок тоўстых хвояў і выйшаў з-пад іх на вясковую вуліцу. Дахі дамоў, вяршаліны вулічных дрэў, садкоў толькі выплывалі са змроку, вуліца і двары ляжалі яшчэ ў цемрыве, ніклі ў санлявым спакоі вясковыя хаты, прызбы, платы; густаваты змрок туліўся пад абвіслымі стрэхамі хлявоў і дваравых будынкаў. Хведар ціхенька прайшоў да сярэдзіны вёскі. На нейчым плоце вецер варушыў стракатую анучу, згледзеўшы якую Хведар падумаў з трывогай: аднак добра світае, мабыць, ён усё ж прапазніўся. І ён паддаў кроку. Ён ішоў краем вуліцы, ашчадна і мякка шорхаючы ў мураве пасталамі, толькі сюды-туды зыркаў позіркам — хацелася як найбольш убачыць, заўважыць, запомніць. І раптам ягоны позірк застыў у недаўменні: насупраць за тынам шарэў нейчы ўважлівы жаночы твар, скіраваўшы на яго здзіўлены позірк цёмных вачэй, якія ўвачавідкі пачалі шырэць, акругляцца ў нямым раптоўным здзіўленні. Ён нічога болей не бачыў там — ні апраткі, ні нават хусткі на галаве, адзін толькі гэты погляд азваўся ў ім раптоўнай здагадкай: «Любка». І ён стаў. За два крокі ад яго былі варотцы ў двор, ён тузануў іх, не ведаючы яшчэ, навошта гэта зрабіў, расчыніў у двор. Жанчына, бы страціўшы мову, глядзела на яго, невядома, пазнаючы ці не, а затым здзічэла-голасна закрычала: «А-а-а-ай!» і кінулася назад, на ганак. Ён скалануўся ад спалоху, але стаяў у варотцах і ўчуў, як у хаце грукнулі дашчаныя дзверы і тут жа лязгнула засова.

Падумаўшы, што зараз нехта выскачыць з хаты ці праз вокны ўбачыць яго на вуліцы, Хведар шаснуў у двор, сцежкай пабег у гарод і па росным бульбоўніку загумення падаўся ў світальнае поле. Усё ў ім калацілася ад гэтай неспадзяванай сустрэчы з Любкай, з якой яны разам раслі ў вёсцы, рабілі побач на бацькоўскіх надзелах, якую ён некалі нават кахаў трохі — наіўным маладым дзецюком перад прызывам на вайсковую службу. І крыўдна было яму, і горка, але ж… Мабыць, спалохалася жанчына і ледзьве не пагубіла яго. А можа, і не пазнала. Але не дзіва — хіба пазнаў бы сябе ён сам? Што ў ім засталося ад ранейшага Хведара, ад таго жаўтаротага дзецюка? Цяпер ён здань, начны, бесцялесны прывід,

ад якога жахаюцца людзі, месца якому, мабыць, побач з ваўкамі ў лесе.

Раздзел чацверты

Радасць зямлі

Пакуль развіднела, ён быў ужо ў лесе, раздумна плёўся па блытаных, пратаптаных жывёлай сцяжынках і думаў, дзе б яму прыткнуцца на дзень. Мусіць, сюды зноў прыгоняць кароў, тут месца яму няма. Тады дзе ж яно ёсць? Канечне, дзе далей ад жытла і людзей, ад поля і сенажацяў. Значыць, зноў трэба плясціся ў расцяробы ці ў той дальні змрочны ельнік, на балотныя імшарыны. Разважыўшы, усё ж вырашыў, што лепш — у расцяробы. Там, ведама, небяспечней, чым у ельніку, затое ў тым баку поле і бульбянішча, на якое яму трэба будзе схадзіць. Як заўжды, зранку пачало дужа смактаць пад грудзямі, хацелася есці. Журавіны ён амаль усе з'еў уначы, яны кепска спатольвалі голад, толькі праганялі смагу. Трэба было ісці па бульбу.

У гэтую раннюю гадзіну дня, мабыць, можна было не надта баяцца спаткаць чалавека, і ён з вярсту ці болей ішоў добра ўтаптанаю сцежкай, якая блытана выкручвалася ў маладым бярэзніку. Пасля, як сцежка павярнула да зімовых дзялянак, ён збочыў з яе ўлева, да Доўгага рова, пайшоў мешаным, з рэдкімі елкамі лесам, падняўся па некрутым схіле ўгору. У лесе ўжо настаў дзень, было відна, навакол сцішана драмалі елкі, не варушыўся ніводзін лісцік у жаўтлявым вецці бяроз. Здаецца, усталявалася добрае, без дажджу надвор'е, можа, нават пачнуцца прымаразкі. Тады ўраз пачарнее лісце алешын, золатам зажаўцее бярэзнік, дружна пацярушыць лістапад. Праз нейкі нядоўгі час лісцвяны лес стане скразны для позірку, усё жывое ў ім будзе бачна здалёк. Мусіць, тады яму будзе горш… Але ён не хацеў думаць пра тое, што будзе, ён жыў адным днём, ягоныя клопаты не ішлі далей наступнага вечара. Увечары, мабыць, будзе спакайней, а ўдзень трэба трымаць вуха востра.

Бадай, у тым самым месцы, дзе і першы раз, ён асцярожна спусціўся кустоўем у шырокую праваліну рова, напіўся там у ручаіне, памыў рукі і твар. Паднімаўся на другі схіл доўга, разоў колькі спыняючыся, адпачываў, не ўпершыню заўважаючы, як менее ў яго сілы. Яшчэ нядаўна, у дарозе, неяк не прыкмячаў вялікае слабасці, мабыць, там рухала ім вялікая сіла мэты. А тут… Мэта ўжо апынулася ззаду. Найперш за многія дні бадзяння аслаб без хлеба, ведама, ягадамі не надта пракормішся. Але што ж тады — зноў ісці ў вёску, прасіць у каго хлеба? Чым гэта можа скончыцца? Ён і так дужа баяўся за нядаўнюю сустрэчу з Любкай, як бы яна аб тым не раззваніла ў сяле. А можа, не пазнала, калі так закрычала жудасна?

Вылезшы з рова, доўга аддыхваўся, пасля адышоўся далей да ўзроўка, знайшоў трохі ўтульную мясціну між двума кустамі ляшчынніку. Перш чым легчы, агледзеў суччо — не, арэхаў тут не ўрадзіла, на яго бяду, пажывіцца не было чым. У доле, праўда, сталі трапляцца грыбы — сыраежкі і ваўнянкі, зрэдку чырванеліся мухаморы, і ён падумаў, што хутка, мабыць, дойдзе чарга і да грыбоў. Але найперш яго вабіла бульба, пакуль тая яшчэ была ў полі.

З бульбаю ў яго быў звязаны адзін малапрыемны выпадак у германскім палоне, цяпер дык і смешна ўспамінаць аб ім. Але ўспаміналася часам, бо горкае і вясёлае ва ўспамінах заўжды месцяцца побач. Спярша ў палоне ён паўгода гібеў на варанай бручцы, калі з паўсотняй такіх, як сам, небаракаў рабіў на чыгуналіцейным заводзе. Затым трапіў да баўэра. Гэта быў стары гаспадар гер Ёган, два сыны якога ваявалі на фронце, а дома жыла нявестка з двума падлеткамі. Зямлі ж у таго Ёгана, як і скаціны, было процьма, і, каб апрацоўваць яе, баўэр узяў шасцёх парабкаў з рускіх палонных арміі генерала Самсонава. Наогул у баўэра было і няблага, прынамсі, кармілі па-людску, хоць рабіць прымушалі штодня без выхадных і святаў. І яны рабілі, як чэрці, як валы, — усе гаспадарчыя работы ў полі, на гумне і дома. На гэты конт быў заведзены цвёрды, бадай як у казарме, парадак, за якім асабіста назіраў сам гаспадар сядзібы, што некалі служыў у войску фельдфебелем і бясконца напамінаў ім аб тым. Пра гаспадарчыя справы болей клапацілася нявестка, якая насілася па палях на ладным буланым жарэбчыку, усё выглядаючы, дзе што зроблена, а што недароблена; гаспадар жа болей прыглядваў за батракамі — муштраваў і клапаціўся адначасна. Клопат яго быў асаблівы. Ён пакараў штрафам кухарку, калі тая неяк паклала ў іхні кацёл меней мяса, чым было ўстаноўлена нормай, караў вінаватага за брак у працы ці недаробак тым, што два ці тры дні не даваў мітаг — абедаць, толькі адзін фруштук раніцай. Аднойчы, калі палонны туляк Белашэеў паскардзіўся гаспадару, што другі палонны ўкраў у яго партабак, гер Ёган не стаў дужа разбірацца, а пакараў абодвух. Ён загадаў парабкам узяцца за левыя рукі, як для прывітання, і з прымаўленнем «гутэн морген — гутэн таг» біць па чарзе адзін аднаго ў вуха. Іншыя парабкі, а таксама кухарка, малыя і гаспадар з нявесткай назіралі за той гульнёй з ганка. Спярша было нават смешна, як два рускія, быццам ляніва, напаўсілы пачалі біцца, але хутка кінуліся разнімаць іх, бо тыя так разлютаваліся, што ледзьве не скрывавілі адзін аднаго.

Штодня яны ўставалі па званку ў пяць гадзін раніцы, акуратна засцілалі коўдрамі свае тапчаны, пілі каву з павідлам і чорным хлебам і адпраўляліся на працу. У паўдзён палуднавалі ладнаю міскай супу і кашай з кавалкам мяса, хлеба ім давалі па фунту на раз. Спалі на чыстай бялізне, якую старая кухарка мяняла кожную суботу; кожную суботу таксама мыліся пад цёплым душам у прыбудоўцы да кухні. Белашэеў, з якім пасябраваў Хведар, усё не мог нарадавацца сваім вайсковым лёсам, казаў, дома не спаў так чыста і не еў так сытна, як у гэтым палоне. А праца што ж — да сялянскае працы ім не прывыкаць. І, мабыць, усё было б увогуле добра, калі б не Рудзі, чатырнаццацігадовы падшыванец, сын Герды і ўнук старога Ёгана.

Поделиться:
Популярные книги

Берсеркер

Саберхаген Фред
1. Берсеркер
Фантастика:
научная фантастика
7.56
рейтинг книги
Берсеркер

Шерлок Холмс. Большой сборник

Дойл Артур Конан
Детективы:
классические детективы
8.34
рейтинг книги
Шерлок Холмс. Большой сборник

"Фантастика 2025-103". Компиляция. Книги 1-17

Поселягин Владимир Геннадьевич
Фантастика 2025. Компиляция
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Фантастика 2025-103. Компиляция. Книги 1-17

Вор

Леонов Леонид Максимович
Проза:
классическая проза
6.83
рейтинг книги
Вор

"Мистер Рипли" + Отдельные детективы и триллеры. Компиляция. Книги 1-12

Хайсмит Патриция
Детективы:
триллеры
5.00
рейтинг книги
Мистер Рипли + Отдельные детективы и триллеры. Компиляция. Книги 1-12

Досье Сарагоса

де Вильмаре Пьер
1. Спецслужбы
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
Досье Сарагоса

Большая энциклопедия консервирования

Семикова Надежда Александровна
Дом и Семья:
кулинария
6.00
рейтинг книги
Большая энциклопедия консервирования

Кристалл Альвандера. Корабль Альвандера.Дилогия

Садов Сергей Александрович
Фантастика:
боевая фантастика
8.38
рейтинг книги
Кристалл Альвандера. Корабль Альвандера.Дилогия

Собрание сочинений-5.Тьма над Диамондианой

Ван Вогт Альфред Элтон
5. Собрание сочинений
Фантастика:
научная фантастика
5.00
рейтинг книги
Собрание сочинений-5.Тьма над Диамондианой

Весталка

Никонов Николай Григорьевич
Проза:
современная проза
военная проза
7.00
рейтинг книги
Весталка

Ринсвинд и Плоский мир

Пратчетт Терри Дэвид Джон
Плоский мир
Фантастика:
фэнтези
7.57
рейтинг книги
Ринсвинд и Плоский мир

Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Пулман Филип
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Любовь на все времена

Смолл Бертрис
3. Сага о Скай О`Малли
Любовные романы:
исторические любовные романы
8.77
рейтинг книги
Любовь на все времена

Газлайтер. Том 5

Володин Григорий Григорьевич
5. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.75
рейтинг книги
Газлайтер. Том 5