Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Выбранае

Василь Быков

Шрифт:

Пасля пайшоў працаваць. – Віцька ўздыхнуў, запхнуў у грубку канец нейкай дошкі, заклапочана пашураваў там шчэпкай. – Спачатку Рыгор Сымонавіч, сусед наш, мяне да такарнай справы прыладзіў. Працаваў на тым жа падшыпнікавым, утулкі рабіў. Спярша нішто, а пасля абрыдлі – гарчэй за рэдзьку. Уранку – утулкі, увечары – утулкі, учора – утулкі і заўтра – утулкі, зімой і летам – адны ўтулкі. Ужо гэтыя кольцы ды дзіркі сніцца ўначы пачалі – атрута! З нуды да гарэлкі прыладзіўся. Выпіваў. Неяк у піўной пазнаёміўся з адным чалавекам – Фраловым звалі, каб яму дышла ў пуза! Так лоўка да мяне пад’ехаў, і так і сяк, гляджу – мілы чалавек. I грошай не шкадуе. Пілі. Спрытна ён мне жытуху атруціў, і не прыкмеціў, як ачмурыў дурня. Ты, кажа, свой хлопец, нашто табе мазоль натруджваць? Хочаш уладжу, работка – лахва. I што ж? Уладзіў прадаўцом у хлебны магазін. Працую месяц, другі. Не скажу, каб вельмі падабалася. Праўда, наеты (а тады галаднавата было на Волзе),

а так амаль як і на падшыпнікавым – нудная праца, знай, рэж кілаграмы. Пяць тон сёння, пяць тон заўтра. Не глядзі, што хлеб, а нарэжашся за дзень, дык горш, чым на заводзе, зняможаш.

Хацеў ужо драла даць з гэтага шчасця, ды аднойчы з’явіўся гэты Фралоў. Кажа, прыходзь у «Паплавок», справа будзе. Прыходжу. Сядзяць у куце пад пальмай – мой Фралоў і яшчэ адзін, дзядзькам Агеем звалі. Што, думаю, за справа? Выпілі, закусілі, нічога не кажуць, яшчэ выпілі, закусілі – маўчаць. Яшчэ і яшчэ. А пасля Агей і кажа: так і так, маўляў, падкінем пару пудзікаў звыш накладной – прадасі? Прадам, кажу, не залежыцца: тавар ходкі. Ну вось, парадачак, хлопец свойскі, цешыцца Агей. А мне з п’янкі і не ўпрыцям, што гэта – першы мой крок быў чорту ў зубы. Добра на душы, смеласць так і прэ, дагадзіць хочацца людзям – вось і згадзіўся. А не ведаў таго, ярына зялёная, што сёння – пару пудоў, а заўтра – дзесятак, а пасля – тонамі падкідваць мне хлябец будуць. Прыйдзе машына, пачнуць згружаць – гэты самы Агей і яшчэ адзін, гляджу на вазе – дзве тоны. А накладную даюць на паўтары. Астатняе – наша. Грошы лішкі – усё ім аддаваў. А яны дзяліліся. Спачатку скрабло ў мяне на сэрцы, думаю – да дабра не дойдзе. Але пасля грошы тыя збілі з панталыку – павалілі кучай. Не прывык столькі мець, што рабіць з імі? Не прап’еш: паўлітэрка шэсць рублёў, і толькі.

– Ну, гэта ты брэшаш, – уставіў Пшанічны. – З грашмі яшчэ ніхто не меў клопату.

– Не меў? – з’едліва перапытаў Свіст. – Што ты разумееш, Мурло, душа капеечная...

– Ладна, годзе вам. Давай далей, – абарваў сварку Карпенка.

– Ага. Ну, тут разгарэлася мая фантазія, захапіўся я фота. Купіў апарат, усякія да яго прычындалы, пачаў псаваць паперу і пласцінкі. Знімаў. I на Волзе, і на Зялёным востраве, і ў парку. Налаўчыўся з часам – нішто выходзіла. Падумаў быў – ці не паступіць мне ў фотаарцель? Сказаў аднойчы Фралову – той толькі зубамі заскрыпеў. Спрабуй, кажа.

Так, жыву далей. Абрыдла фота, купіў байдарку і ўвечары, у выхадныя – на Волзе. О, гэта я любіў. Відаць, душа такая: заўсёды на прастор лезе. Фралоў з Агеем таксама калі прыходзілі, катаў. Пасля прадаў байдарку, купіў маторку. Зноў Зялёны востраў, ды ўжо – не разбойнікі, а жулікі і не гульня, а на самай справе. П’ём, рыбу ловім. Туды ж адзін раз прывезлі яны Лёльку. Дзеўка, брат, такая, ярына зялёная, во! Пальчыкі абліжаш. Агнявая, баявая, вясёлая, і захмялела мая галава ў адзін вечар – і гарэлкі не трэба. Купаліся, пілі, і там, у кустах, налаўчыўся я, згроб яе і пацалаваў. Думаў, у морду ляпне, а яна куды там – абхапіла мяне аберуч за шыю, упілася ў вусны, і дух мне заняло, быццам у якую прорву рынуў.

Закруціла мяне любоў з гэтай Лёлькай, месца сабе не знайду. Кажу, давай пажэнімся, жыць будзем па чэсці, а яна толькі смяецца. Ходзіць да мяне на спатканні, цалуецца, але ўсё тайком, каб Фралоў не ведаў. Што ты, кажу, малая ці ён – бацька твой, чаго баішся? Нельга, кажа, каб ведаў, і ўсё. Не ведаю, чым бы гэта скончылася, каб аднойчы такая гісторыя не сталася.

У нейкае свята дамовіліся сустрэцца, прыходжу, а яна стаіць ля танцпляцоўкі ў парку з гэтым самым Фраловым. Пачуў я нядобрае, але падышоў, а Фралоў бярэ мяне за локаць і выводзіць на бакавую алейку. Думаю, нешта будзе, а ён гэтак мне кажа: кінь Лёльку, не чапай – не твая. Лютасць ва мне забушавала. А чыя, кажу, мо твая? Мая, кажа, і вочы, як у воўка, гараць, а рука ў кішэні нешта намацвае. Ну, я не зважыў на гэта, злаўчыўся ды ладна яму садануў у скулу. Распачалі мы бойку, парнуў ён мяне фінкаром у лапатку, але і я кулака адважыў. Пазбягаліся людзі, закрычала Лёлька, ну, нас і ўзялі. Прывялі ў аддзяленне – пратакол і так далей. Гляджу – гэты сабака чужое нейкае прозвішча падстаўляе за сябе і дакумент у яго адпаведны ў кішэні. Узбунтавалася ва мне кроў – ах ты, гад, думаю, зноў некім засланіцца хоча. Вядзі, кажу канвою, да галоўнага. Паклікалі начальніка, узяў я і расказаў усё – і пра хлеб, і пра Агея, і пра нашы шахер-махеры. Нічога не ўтаіў – утаіў толькі Лёльку. Чула маё сэрца, што і яна не так сабе, таксама ў гэтым кодле, а назваць не мог. Не назваў...

Свіст чагосьці прымоўк, задумаўся, загледзеўшыся ў грубку. Наўкола, чакаючы, сядзелі таварышы. Карпенка, падпёршы голаў рукою, ляжаў на тапчане і таксама чакаў. Свіст яшчэ памаўчаў, пагладжваючы гарачыя калені і, відаць, нанова перажываючы колішнюю сваю бяду.

– Пасадзілі нас у КПЗ, пачалі следства. Да мяне няблага адносіліся ўсе – і міліцэйскія, і турэмшчыкі, і следчыя, а тут аднойчы заўважаю: нешта перамянілася, падазрона

гэтак паглядваюць і ўсё ловяць на чымсьці. У чым справа, пытаю, я ўсё вам па шчырасці. А ці ўсё, кажа адзін чорны такі, каўказскі на выгляд чалавек. А чаму пра Злотнікаву маўчыш? Якую Злотнікаву? Пра Лёльку, адказвае і гэтак углядаецца, бы праз вочы ў нутро хоча зазірнуць. Аказваецца, гэты гад Фралоў ужо выдаў яе.

Ну і вот, судзілі. Цэлую шайку. Як глянуў я на судзе, дык аж спалохаўся. Ярына зялёная, аказваецца, я толькі кончык ніткі падаў, а ўвесь клубок разматалі без мяне. Чалавек дваццаць розных зладзюг. I Лёлька. Цяжка мне было, паверыце, бачыць яе там. За сябе не так крыўдна, як за яе. А яна ў вочы мне не глядзіць, не размаўляе. Няўжо, думаю, мяне даносчыкам лічыць? Маўклівасць гэтая мне душу выварочвае, карціць загаварыць, а нельга.

Ну, далі каму колькі. Фралову – 10, Лёльцы – З, мне – 5. Пасля папаўзла жысць турэмная, лагерная. У Сібіры лес пілаваў. Піхта, елка. Снег да зада, сопкі, мароз. Дым ад кастроў аж цяпер уначы калі чую – сніцца ўсё. Усё, здаецца, ім прасмярдзела. Тралявалі ў распадак. Пайкі хлеба, баланда, нормы. Люд розны. Каторыя нішто, душэўныя, каторыя – сволачы. Ахова таксама. Трудна было. Пасля прывык. З залікамі адбыў два гады. Выпусцілі. Куды падацца? Кажуць бывалыя: на захад не ткніся: цяпер ты з блямбай на векі вечныя. Там ты – як воўк у аблаву. Усе атукаць будуць – судзімы. Гайда на ўсход. Паверыў, падаўся на ўсход. На Сахалін прыбіўся, парабіў у шахтах – не спадабалася. Успомніў Волгу – пайшоў матросам на сейнер. Крабаў у Татарскім праліве лавілі, селядцы, у пуціну – ласосяў. Трудная жытуха, марская, а прывык – нішто. Мора, яно прываблівае – і муштруе, і не адпускае, як капрызная каханка. Часам дапячэ за шторм, свет белы праклянеш, а сціхне, улагодзіцца – лепшага і не трэба: прастор, вецер – мілая душа, ярына зялёная.

I тут – вайна. Ага, забыўся вам расказаць. Быў яшчэ ў маім жыцці чалавек, любіў я яго, паважаў. Няшмат каго паважаў, а яго паважаў, гэта па шчырасці. Уладзімір Кузняцоў. Лётчыкам быў. Капітан. Яшчэ, помню, я малым падшывальцам на Манастырцы ў сады лазіў, а ён прыязджаў у водпуск – у шызай гімнасцёрцы, жоўтых рамянях і фуражцы з залатым крабам. Але асабліва нам падабаліся яго значкі на грудзях – памятаю – варашылаўскі стралок, ПВХО, ГСО і парашутысцкі. Любілі мы, пацаны, за ім бегаць, і ён не стараніўся, дружыў з намі. Аднойчы я запіску ад яго Інцы Галашчокавай насіў – была такая ў нас прыгажушка. Ну вось, а пасля гэты самы Уладзімір знік – ні слыху ні дыху. Бацька яго Рыгор Сымонавіч – той самы, што мяне да такарства прызвычаіў, – ходзіць маўклівы, сярдзіты, маці ўсё бядуе, а дзе ён – ніхто не ведае. Але праз год ці два з’яўляецца Уладзімір Рыгоравіч. Ужо, брат, тры шпалы на пятліцах, замест значкоў – два ордэны Чырвонага Сцяга, але, ведаеш, нешта са здароўем нелады. Паранены, аказваецца, быў, і думаеш дзе? У Іспаніі. З франчукамі ваяваў, за рэспубліку. Пасля ён сам мне гэта па сакрэту расказваў. Звольнілі яго са службы з-за той раны, і пачаў ён чарнець ад нейкага гора, як той кацялок ад сажы. Стаў сумны, маўклівы і ўсё адзін. А ўбачыць калі самалёт над горадам, дык, паверыце, зажмурыць вочы, пазірае, пазірае – той ужо схаваецца дзе ці пасадку зробіць, а ён усё стаіць і ўзіраецца. А на вачах слёзы. От, брат, гора было чалавеку! Калі я спутаўся з гэтай чортавай фралоўскай кампаніяй, ён штосьці заўважыў, – вядома, па суседству нядоўга што ўтоіш – і ўсё казаў мне: кінь ты, Віцька, не тое робіш. Ну, а я не паслухаў. Хацеў і не мог. Ну, а любіў яго вельмі. I цяпер так шкадую, што не паслухаў яго, хоць, канечне, ён не ведаў усяго, а толькі здагадваўся. Але што тыя здагадкі!

I вось атрымліваю на Сахаліне пісямцо з Саратава ад пляменніцы, піша – таго ўзялі, таго прызвалі, а Кузняцова сын на другі дзень вайны сам пайшоў. Не хацелі браць у лётчыкі, бо здароўе непрыгоднае, дык ён у пяхоту выпрасіўся. Ну, думаю, карціна, ярына зялёная. Што, думаю, за гады тыя фашысты, калі ўжо такі чалавек гатовы ў пяхоце з імі біцца? Ну і вось усе мае знаёмыя, былыя дружбакі – на фронце, адзін Свіст у тыле. То быў у турме, а цяпер – у цёплым месцы на рыбфлоце. Не, думаю, я таксама чалавек, не скаціна. Падаў заяву – давайце разлік – не пушчаюць. Кажа начальнік кадраў: «Кінь, Свістуноў – усё мяне Свістуновым зваў, – кажа, кінь харахорыцца. Тут ты за мілую душу да канца вайны адседзішся, што табе перціся фашысту на ражон?» – «Ах ты, сабака, кажу, там людзі жыцця не шкадуюць, а тут – сядзі. Не ў турме ж я, адсядзеў сваё – давай грошы!»

Усё ж выбіў у іх касую і прыкаціў у Маскву. Па старой звычцы пайшоў да начальніка НКВД – так і так: былы зняволены, хачу на фронт. Памажыце.

I памаглі. Даў палкоўнік паперку, з ёй мяне – на папаўненне ў стралковую дывізію і на фронт. Пад Полацкам акружылі. Ледзьве з дружбаком адным – Алёшкам Гарэлікам – ногі вынеслі. Вось на вас наткнуліся. Узяў ваш камбат. Распытаў усё – як і што, куды і адкуль – і ўзяў.

У старожцы пацямнела, пад столлю клубіўся дым, часам залятаў у вокны вецер. Карпенка курыў, лежачы на спіне, усе маўчалі.

Поделиться:
Популярные книги

Глинглокский лев. (Трилогия)

Степной Аркадий
90. В одном томе
Фантастика:
фэнтези
9.18
рейтинг книги
Глинглокский лев. (Трилогия)

Хрупкое равновесие

Шерри Ана
Любовные романы:
5.00
рейтинг книги
Хрупкое равновесие

Поход

Валериев Игорь
4. Ермак
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
6.25
рейтинг книги
Поход

"Фантастика 2024-186". Компиляция. Книги 1-25

Кретов Владимир Владимирович
Фантастика 2024. Компиляция
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Фантастика 2024-186. Компиляция. Книги 1-25

Граф в законе (сборник)

Смирнов Владимир
Терра - детектив
Детективы:
криминальные детективы
5.00
рейтинг книги
Граф в законе (сборник)

МИФЫ. Великолепный МИФ (сборник)

Асприн Роберт Линн
Мифология
Фантастика:
юмористическое фэнтези
8.76
рейтинг книги
МИФЫ. Великолепный МИФ (сборник)

Самурай. Трилогия

Оловянная Ирина
Фантастика:
боевая фантастика
8.74
рейтинг книги
Самурай. Трилогия

Владыка башни

Райан Энтони
2. Тень ворона
Фантастика:
фэнтези
7.57
рейтинг книги
Владыка башни

Дважды одаренный. Том VII

Тарс Элиан
7. Дважды одаренный
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.40
рейтинг книги
Дважды одаренный. Том VII

Газлайтер. Том 3

Володин Григорий Григорьевич
3. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 3

Испытание. По зову сердца

Алексеев Николай Иванович
Проза:
военная проза
6.25
рейтинг книги
Испытание. По зову сердца

Сказки

Уайльд Оскар
1986. Антология детской литературы
Детские:
сказки
5.00
рейтинг книги
Сказки

Бояръ-Аниме. Газлайтер. Том 34

Володин Григорий Григорьевич
34. История Телепата
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
аниме
7.00
рейтинг книги
Бояръ-Аниме. Газлайтер. Том 34

100 великих династий

Жадько Елена Григорьевна
100 великих
Справочная литература:
энциклопедии
6.25
рейтинг книги
100 великих династий