Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Фаўст

Педант! Яму кляніся на паперы, А слову гонару — ніякай веры! Між тым цыдулкі мне — не ўказ, Калі я сам ахвотна лезу ў нерат. Жыццё цячэ сабе наперад, Дык, можа, сплыў даўно распісак час? І, можа, слова — дурасці прыкмета? Фармальнасцю здаецца мне ўсё гэта. Шчаслівы той, хто мае ў вернасці апору, Каму не боязна з ахвяр пачаць: Людзей палохае не вынік дагавору,— Палохаюць пергамент і пячаць. З пяра зляцеўшы, слова памірае, Яно — як плоць бяздушная, нямая, А сілу толькі воск ці скура мае. Кажы,
злы дух, што ты хацеў бы мець? —
Паперу, мармур, скуру, медзь? Я грыфелем і долатам пісаць умею І права выбару табе даю.

Мефістофель

Як можаш ты такую ахінею У балбатню ўплятаць сваю? Любы шматок паперы адарві І падпішыся кропелькай крыві.

Фаўст

Ну, добра, пане чорт, уважу Цялячую датклівасць вашу.

Мефістофель

Кроў — гэта ж адмысловы сок.

Фаўст

За пакт не бойся, ім я даражу, Майго жыцця ён вынік, слушны крок, І я не каюся, што прадаю душу. Дарма паказваў нораў я амбітны, Бо ўсё адно з жыцця нічога я не ўзяў. Абразіў Дух мяне, не выслухаў малітвы І не адкрыў сакрэт прыродных з’яў. Разладжаны строй думак і разбіты, І я навукамі па горла сыты. Цяпер абраў я іншы шлях жыццёвы: Я свой запал суцішваць буду, Да чараў сквапны і гатовы Таемнаму аддацца цуду. Дык рынуся ж у вір падзей, прыгод, У вір жыцця, ва ўспененыя часу воды, Няхай і боль, і радасці турбот, Няхай удачы і нягоды Плывуць бурліваю ракою! Шукальніку — няма спакою!

Мефістофель

Не буду абмяжоўваць вашых мэт, Ласуйцеся чым хочаце ў ахвоту, Лавіце момант асалоды з лёту, Бярыце ўсё, што пасылае свет,— Не трэба толькі быць разявай.

Фаўст

Не мне здавольвацца імгненнай славай, Я не жадаю танных асалод. Нянавісці хачу, пакутлівых згрызот. Я не замкну сваіх грудзей для болю, Што гадавалі прагу да пазнання, І перажыць сабе дазволю Ўсе нечаканасці наканавання, І чалавецтва змеру ўласным духам, Аддаўшыся і радасцям яго і скрухам, Зліюся з ім, спазнаю сутнасць ладу І разам з ім пайду да заняпаду.

Мефістофель

Я гэты харч ем, чалавеча мілы, Тысячагоддзямі — дай веры мне: Ніхто яшчэ з калыскі да магілы Той хлеб ацеслівы не пракаўтне. Суцэльнасць тая, што цябе чаруе,— Уласнасць бога аднаго. У вечным бляску ён адзін кіруе, Нам — вечны змрок дастаўся ад яго, А вам — без вечнасці дзень з ноччу.

Фаўст

І ўсё ж ад мэты я сваёй не збочу!

Мефістофель

А што ж, я вам ахвотна веру, Хоць страх турбуе ўсё адно: Жыццё кароткае не ў меру, Мастацтву ж краю не відно — Пара вам гэта знаць даўно. Такія мары толькі для паэтаў. Няхай пясняр лунае як найвышай І значнасць слынных запаветаў На вашым гордым чэрапе запіша: Адвагу львоў, Імпэт і грацыю аленя, Іспанца агнявую кроў І скандынаўскую настойлівасць
імкнення.
Няхай дабро з падступніцтвам ён звяжа, Хай таямніцы вам пакажа, Як згодна з планам трэба жыць — Каго кахаць, а з кім дружыць. Каб я такога рызыканта знаў, Яго б я Мікракосмам зваў.

Фаўст

Тады хто ж я, калі карона Маіх жаданняў і надзей На галаву маю ўпадзе Па ласцы спрытнага патрона?

Мефістофель

Ты быў і будзеш сам сабою. Хай ты вясёлы, хай ты хмурны, Надзень парык, абуй катурны — Усё адно ты будзеш сам сабою.

Фаўст

Людскога духу скарбы я збіраў дарма, Стараўся марна імі ўсцешыць сэрца — Імпэту новага ў душы няма, І сіла свежая ў грудзях не б’ецца: Не ўзнёсся розумам вышэй, Ні да бясконцасці бліжэй.

Мефістофель

Але ж не бачыце вы ў рэчы Сапраўднай вартасці яе. А трэба розумам далегчы — І ўжо яна карысць дае. Ты маеш ногі, рукі, зад, Жыві, паплёўваючы ўгору, І карыстайся ўсім падрад, Сабе не робячы дакору. Тры пары жарабцоў запрог — Іх сілай ці ж не я ўладаю? Два тузіны здаровых ног Замест сваіх уласных маю. Глядзі на рэчы весялей! Развагі прэч! За мной смялей! Скажу табе: разумнікі ўсе вашы — Як тое быдла; ўлева-ўправа Злы дух іх водзіць па стаптанай пашы, Хоць навакола свежая атава.

Фаўст

З чаго ж пачаць мне?

Мефістофель

Свет багаты. Хадзем, пакінь свае пенаты: Не бачу сэнсу ў тым, каб ты Капаўся ў сметніку лухты. Сусед пузаты ў вашым кабінеце Няхай вучонае зграбае смецце Ў парожнія галовы блазнюкоў. Адзін такі ў размовах споры — Таўчэцца, чую, тут у калідоры.

Фаўст

Я да сустрэчы гэтай не гатоў.

Мефістофель

Чакаў так доўга ён. Хлапца Шкада пакінуць без слаўца. Ану, давай сваю мне шапку і хламіду, Адзенуся — і за цябе я выйду.

(Пераапранаецца.)

Цяпер майму даверся спрыту! Спектакль наладзіць — мне не праца! Займу яго, а ты ідзі збірацца.

Фаўст выходзіць.

(Мефістофель у адзенні Фаўста.)

Глумі навукі, веды — толькі ў іх Праклятыя вытокі сіл людскіх. Дух адмаўлення, тлену і хлусні, З дарогі розуму ахвяру адкасні Прынадамі зласлівасці і здрады. Сюды да Фаўста лёсам я пасланы; Малым уцехам ён не рады, Удалячынь імкне, як апантаны. Што ж, пагружу цябе ў жыцця глыбіні, У свет мізэрны, пошлы, ніклы, Каб, ненажэрны, пазбіваў ты іклы, Каб плыў, ныраў і захлынаўся ў плыні, Каб ты, дзівак несамавіты, Уяўнай ежаю быў сыты; Каб, як апошняй літасці, благаў Збавіцельніцу-смерць і не канаў. Ты, Фаўсце, чалавек зусім прапашчы — Ці тут канец табе, ці ў чорта ў пашчы.
Поделиться:
Популярные книги

Ты ждала меня, Заруна? Книга первая

Лу Энн
1. Мир Заруны
Фантастика:
героическая фантастика
8.00
рейтинг книги
Ты ждала меня, Заруна? Книга первая

Весь Дэн Браун в одном томе

Браун Дэн
Детективы:
триллеры
прочие детективы
5.00
рейтинг книги
Весь Дэн Браун в одном томе

Божественные соперники

Росс Ребекка
Фантастика:
героическая фантастика
зарубежная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Божественные соперники

Темное, кривое зеркало. Том 5 : Средь звезд, подобно гигантам.

Уильямс Гарэт Д.
5. Темное, кривое зеркало
Фантастика:
эпическая фантастика
альтернативная история
6.25
рейтинг книги
Темное, кривое зеркало. Том 5 : Средь звезд, подобно гигантам.

Последний реанорец. Том I и Том II

Павлов Вел
1. Высшая Речь
Фантастика:
фэнтези
7.80
рейтинг книги
Последний реанорец. Том I и Том II

Каменный град

Инин Дмитрий
3. Негодяй Аллара
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Каменный град

#Бояръ-Аниме. Газлайтер. Том 11

Володин Григорий Григорьевич
11. История Телепата
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
#Бояръ-Аниме. Газлайтер. Том 11

Клевые

Нетесова Эльмира Анатольевна
Обожженные зоной
Детективы:
боевики
5.00
рейтинг книги
Клевые

Ленька Охнарь (ред. 1969 года)

Авдеев Виктор Федорович
Приключения:
прочие приключения
6.25
рейтинг книги
Ленька Охнарь (ред. 1969 года)

Точка Бифуркации VII

Смит Дейлор
7. ТБ
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Точка Бифуркации VII

Отморозок 2

Поповский Андрей Владимирович
2. Отморозок
Фантастика:
попаданцы
5.50
рейтинг книги
Отморозок 2

Вор и Книга Демона

Эддингс Дэвид
Фантастика:
героическая фантастика
8.50
рейтинг книги
Вор и Книга Демона

Первоистоки Русов

Петухов Юрий Дмитриевич
Научно-образовательная:
история
3.40
рейтинг книги
Первоистоки Русов

Пушкин

Лотман Юрий Михайлович
Документальная литература:
биографии и мемуары
5.00
рейтинг книги
Пушкин