Жыцьцё пад агнём
Шрифт:
Доктар Орса і ягоная жонка шчыравалі над тым, каб закласьці падмурак сыстэмы адукацыі ў Наваградзкай акрузе. Ён арганізоўваў настаўнікаў, інспэктараў, асабіста наведваў кожную школу акругі, імкнуўся адрадзіць беларускую культуру. Ён быў маім найбліжэйшым дарадцам, і калі я страчваў меру ў сваіх поўных энтузыязму плянах, ён быў здольны сьцішыць мой энтузыязм. Дзякуючы яму я дзейнічаў больш лягічна і пасьпяхова. Ён ведаў пра БНП і папрасіў мяне, каб ён, застаючыся па-за яе шэрагамі, працаваў на агульную справу і дапамагаў мне ўсімі магчымымі спосабамі. Менавіта дзякуючы яму так званыя настаўніцкія курсы сталіся цэнтрам сярэдняй адукацыі для ўсёй акругі, прычым, магчыма, адным з найлепш арганізаваных у Беларусі. Натальля навучала беларускай мове й літаратуры і дапамагала падбіраць настаўнікаў, і я вельмі ганарыўся, што й мяне ўключылі ў групу настаўнікаў.
Свайму сябру Юзіку Савічу я прапанаваў не вяртацца на службу ў паліцыю, а пайсьці настаўнікам фізкультуры да нас на курсы. Фізычнае выхаваньне, сказаў я яму, будзе насамрэч ваеннай падрыхтоўкай, каб загартаваць кадры для будучых узброеных сілаў. Мы тады ўсё яшчэ верылі, што немцы, якіх запынілі пад Масквой, будуць змушаны зьвярнуцца да нас па дапамогу ў арганізацыі ўзброеных частак. Юзік ахвотна пагадзіўся, і неўзабаве беларускія хлопцы апранулі самаробную ўніформу і практыкаваліся, маршавалі, сьпяваючы нашы песьні. Так мы рыхтавалі
Людміла, сястра майго сябра Янкі, усё яшчэ жыла ў вёсцы з маці. Ейная маці хацела, каб дачка пайшла вучыцца да нас у Наваградак — у вёсцы ёй не было чаго рабіць. А тут якраз аказалася, што нямецкая адміністрацыя шукала тэлефаністак, і я падумаў, што яна магла б пайсьці на гэтую працу. Я перамовіўся зь Янкам, ён паабяцаў прывезьці яе. Я памятаў яе яшчэ зусім дзяўчынкай, зусім дзіцём. А ўпершыню я ўбачыў яе, калі ёй было толькі пяць гадоў. Памятаю, неяк нават дражніў яе і — аж сорамна — прымушаў яе насіць нам есьці і лазіць за вішнямі. Такою я яе сабе й уяўляў, як пару гадоў таму, перад тым як мяне забралі ў Войска Польскае. І калі яна прыйшла да мяне, я быў проста ўражаны. Я ледзьве пазнаў яе: высокі лоб, даўгія цёмныя валасы, каса з руку, тонкія бровы, вялікія вочы, у якіх іграў вясёлы агенчык, прамы рымскі нос, сьвежая, як персік скура, грацыёзная шыя. Высокія грудзі, гатовыя вырвацца на волю зь цеснага станіку, уздымаліся пры дыханьні, і пад сукенкаю выдзяляліся смочкі. У яе была вузкая талія і маленькая, але вельмі харошая дупка, а спаднічка абцягвала сьцёгны. Я глядзеў на яе затаіўшы дыханьне і ня мог вымавіць ні слова. Янка заўважыў маё здумленьне і спытаўся, ці спадабалася мне ягоная сястра. Я прызнаўся, што яна проста лялечка. Ён кажа: я ня гэта меў на ўвазе, я пытаюся, ці зможаш ты ўладкаваць яе на працу. Зараз жа, кажу я яму. Мы ўсё зрабілі ў той жа дзень, і Вольфмаер пагадзіўся. У лістападзе Людміла звольнілася з працы і паступіла на курсы. Там яна была адной зь лепшых вучаніц. Яна была ва ўсім таленавітая: які прыгожы быў у яе голас, сьпявала, танцавала, а да чаго яна была пекнаю ў беларускім народным строі! А галоўнае, што ў яе быў разумны твар і прамы нос, нетыповы для славянскай расы (нос быў хутчэй нардычны), і гэта прычароўвала мяне. Але ёй было толькі шаснаццаць і яна была занадта маладая. Дык я дамовіўся зь яе бацькам, калі той прыяжджаў у Наваградак дапамагаць доктару Орсу, што яна будзе кватараваць у тым самым доме, дзе жыў я. Мне хацелася, каб яна была ў мяне на вачох, каб мне яе не перабілі ніякія кавалеры, каб мне зь ёй ажаніцца, калі яна дарасьце да паўналецьця. Толькі я яе ўбачыў, я адразу сабе падумаў, што яна стане маёй жонкай, і пасьля таго, хаця я не сказаў ёй ні слова і сустракаўся з мноствам розных дзяўчат, я ведаў, што не змагу пакахаць нікога, апроч яе. Я закахаўся ў гэтую дзяўчыну, але ня мог ёй гэтага сказаць. Я спадзяваўся, што яна заўважыць мяне, але ня мог зразумець, падабаюся я ёй, цікавы я ёй, ці не. Адно я сказаў сабе цьвёрда: яна стане маёй. Як я ўжо казаў, я трохі запіў, і вось аднойчы, вярнуўшыся дахаты позна ўвечары, а я жыў зь сям’ёй Цехановічаў, чую, яны гавораць за сьцяной, чую, кажуць, што я сымпатычны разумны хлопец, але, мабыць, сап’юся. Гэта так уразіла мяне, што, хоць я быў нападпітку, я выліў на галаву кубак халоднай вады і даў сабе слова: больш я ня вып’ю ні капкі. З тых часоў я гарэлкі ў рот ня браў. Праблема была ў тым, што тыя ў Наваградку, хто бачыў, як я п’ю, сталі распускаць чуткі, што я хворы на вэнэрычную хваробу. Тым, хто на яе хварэў, забаранялася піць, казалі, што калі п’еш, дык не вылечваешся. Кожны хворы на нейкі час пераставаў піць, і я заўважыў, што людзі думаюць: у мяне гэтая хвароба. Я спадзяваўся, аднак, што гэтая плётка ня дойдзе да Людмілы. Я пачаў пераадольваць дэпрэсію, не заглядаючы ў шклянку, і зь яшчэ большым энтузыязмам наладжваць беларускае нацыянальнае жыцьцё і браць у ім удзел.
Калі немцы гналі Чырвоную Армію назад да Масквы, па вёсках паразьбягалася процьма палонных, якія баяліся, каб немцы не адправілі іх у лягеры. Яны працавалі парабкамі ў сялян. Калгасы разваліліся і сяляне сталі працаваць аднаасобна. Немцы забіралі частку прадуктаў, каб карміць сваё войска, але частку забіралі ў тэорыі, а на практыцы ўсё, выгадаванае селянінам, распрадавалася за бясцэнак, а немцы канфіскоўвалі ўсё, што маглі, пакідаючы сялянам толькі мінімум, неабходны для выжываньня. Сярод ваеннапалонных каго толькі не было, і жук і жаба, тут былі людзі паходжаньнем з розных частак Савецкага Саюзу, але ўсе яны працавалі добра, бо нікому не хацелася гніць у канцлягерох. Савецкі Саюз не падпісваў Жэнэўскую канвэнцыю, і таму немцы абыходзіліся з палоннымі, як з быдлам. Палонныя мёрлі ў лягерох сотнямі тысяч ад голаду, тыфусу, дызэнтэрыі. Іх заганялі за калючы дрот і амаль не кармілі, іх білі і расстрэльвалі.
Саветы спынілі прасоўваньне нямецкай арміі на ўсход і пачалі арганізоўваць на акупаваных тэрыторыях партызанку, але людзі не хацелі ўвязвацца ў прасавецкую дзейнасьць. Немцы ж у Беларусі і іншых акупаваных краінах зрабілі вялікую памылку. Яны баяліся, што тыя былыя савецкія салдаты, якія працавалі па вёсках, уяўлялі сабой патэнцыйную сілу, якую савецкае падпольле магло б арганізаваць на барацьбу ў нямецкім тыле, таму, баючыся ўзрастаньня магутнасьці партызанаў, яны запатрабавалі, каб усе палонныя вярнуліся ў лягер. Ясна, што любы, хто прайшоў праз лягер, а пасьля папрацаваў на волі ў селяніна, ніколі назад у лягер ня вернецца. У выніку, усе гэтыя палонныя, хаваючыся ад немцаў, пайшлі ў лясы, а каб выжыць, прапітацца, сталі рабаваць вёскі. Яны накралі зброі і з дапамогай гэтай зброі ўладарылі над мясцовымі жыхарамі і зрэдку ўступалі ў сутычкі зь немцамі. Так пачалася так званая партызанка, якая змагалася зь немцамі, але нарабіла мясцоваму насельніцтву больш шкоды, чым тым немцам. Спачатку ў партызанаў не было ніякіх ідэялягічных матываў; яны проста хацелі выжыць і выратавацца ад лягероў.
Адзін такі ваеннапалонны, Віктар, лейтэнант Чырвонай Арміі, дапамагаў Людмілінай маці Тацяне па гаспадарцы, бо сам спадар Мікола Гутар, Людмілін бацька, працаваў у Наваградку школьным інспэктарам, наладжваючы сістэму пачатковых школаў у вёсках. Жонка ж яго мусіла заставацца на сваёй зямлі: трэ было карміць мужа і дачку, у гарадох з харчамі было цяжка. Жыхары гарадоў напаўгаладалі і залежалі ад прывозу харчоў з навакольных вёсак. Усім служачым выдавалі нейкі мінімальны рацыён, але за гэтым чалавек ня мог выжыць. Віктар пасябраваў з Гутарамі, ён быў нечым падобны да іх. Можа, ён тым больш прывязаўся да Гутараў, што яго прыцягвала Людміла. Тады я гэтага ня ведаў. Ён і я былі па розныя бакі барыкадаў. Ён быў беларусам,
Я працягваў выкладаць нямецкую мову і весьці ваенную падрыхтоўку. Сярод маіх вучняў была і Людміла. Каб спадабацца ёй, я яшчэ больш актыўна ўдзельнічаў у школьным жыцьці. Штабсляйтэр Вольфмаер стрымаў сваё слова, і мяне інфармавалі кожны раз, калі некага зьвінавачвалі ў супрацоўніцтве з камуністамі. Так мне ўдавалася вырваць з турмаў і выратаваць ад расстрэлу шмат людзей. Немцы давяралі мне, ніколі не сумняваліся ў маёй сумленнасьці і волі да супрацоўніцтва. Я працягваў працаваць асабістым перакладнікам камісара Траўба, новага гебітскамісара. Мне прыходзілася перакладаць кожны раз, калі ён выступаў з прамовамі або ўдзельнічаў у дыскусыях. І яшчэ калі я ўпершыню сустрэўся з камісарам Траўбам, я растлумачыў яму сваю пазыцыю. Мы супрацоўнічаем зь немцамі, сказаў я, бо Савецкі Саюз не задаволіў нашы нацыянальныя памкненьні. Савецкі Саюз паабяцаў стварыць Беларускую Рэспубліку, але задушыў беларускасьць русіфікацыяй 30-х гадоў. Камісар запэўніў мяне, што нямецкая палітыка істотна адрозьніваецца ад савецкай і што немцы нават ня будуць перасьледаваць нашу мову. Я запярэчыў, што гэтага мала, што мы хочам мець пэўныя гарантыі таго, што нам будзе прадастаўлена некаторая незалежнасьць, нейкая дзяржаўнасьць. Гэта б стварыла для нас мэту, заахвоціла б нас да лепшага супрацоўніцтва зь немцамі, сказаў я яму. Як камісар, ён мусіў наладзіць у акрузе адміністрацыю, гарантаваць бясьпеку і дасылаць усё неабходнае для нямецкага войска. Вось і ўсё, што ён рабіў. Маёй задачай было настроіць яго ў прыхільным да беларускай справы духу і дасягнуць найбольшага, што тады можна было зрабіць — забясьпечыць ператварэньне беларусаў у моцную культурную групу. Яму падабаліся нашы канцэрты, ён з задавальненьнем выступаў перад народам, тлумачыў нямецкую палітыку. Я працягваў выступаць зь беларускіх пазыцый. Я казаў, што беларусы павінны быць не рабамі немцаў, а паўнапраўнымі памочнікамі ў змаганьні з камунізмам. Камісар разумеў нашы праблемы, але зьмяніць накірункі нямецкай усходняй палітыкі ня мог.
У красавіку 1942 года я зьезьдзіў з камісарам Траўбам, ягонай жонкай і памочнікамі ў Нямеччыну. Я амаль упэўнены, што ён лічыў мяне добрым хлопцам; я гаварыў па-нямецку, працаваў энэргічна. Ён ведаў таксама, што я беларускі патрыёт і адчуваў, што немцы маглі б выкарыстоўваць мяне лепш. Калі мы ехалі на захад, старыя ўспаміны з палону нахлынулі на мяне. Недзе там, блізка Кёнігсбэргу, куды мы найперш паехалі, знаходзілася вёска Вайзэндорф, у якой я працаваў на нейкага нямецкага селяніна. Калі надарылася пара вольных дзянькоў, я папрасіў у Траўба машыну, каб праехацца. Ён пагадзіўся, і я адразу паехаў у Вайзэндорф. Мне хацелася сустрэцца з Гельгай. Ваеннапалонных у вёсцы больш не было, усё было ціха. Гельга зьдзіўлена адчыніла мне дзьверы. Яна трохі распаўнела, але ў яе былі тыя самыя блакітныя вочы, бялявыя валасы, тыя ж грудзі, тая ж сакавітая дупка. «Гэта ты, Барысе?» — спыталася яна. — «Цябе выпусьцілі?» Я патлумачыў, што я больш не ваеннапалонны, што я свабодны. «А я больш не свабодная,» — адказала яна і паказала мне калыску зь дзіцём. Ейны муж ваяваў на ўсходнім фронце. Ува мне ўсё зьмяшалася, але раптам усё вярнулася, наляцелі ўспаміны пра тую сустрэчу ў клуні, пра тое вострае жаданьне жанчыны, страх быць засьпетым і ўсе тыя пакуты, якія давялося перажыць пасьля таго, як я не наважыўся дакрануцца да яе. «Ты ўсё памятаеш, ты не шкадуеш?» — спыталася яна, паглядзеўшы на мяне так, як глядзела тады. — «Я на цябе не злуюся, я ведаю, што іншым разам табе, магчыма, не ўдалося б уцячы». Яна тады ня выдала мяне. Заставацца я болей ня мог. Я пацалаваў яе ў шчаку, і нешта заварушылася ў мяне ў сярэдзіне. Я хутчэй сеў і паехаў у Кёнігсбэрг.
Пасьля мы паехалі ў Заходнюю Нямеччыну, і там я мог бываць, дзе хацеў. Я заўважыў, што габрэі носяць жоўтую зорку Давіда, а на вопратцы людзей родам з Усходу быў прышыты жоўты знак «OST». І да тых, і да тых ставіліся аднолькава кепска. Я бываў усюды, але найбольш мяне цікавіла, у якіх умовах жылі тыя дабраахвотнікі, што з уласнай волі падрадзіліся працаваць на немцаў. «Добраахвотнікаў» набіралі зь беларускай моладзі ў студзені, лютым і сакавіку, а таксама ў лягеры для ваеннапалонных. Іх вучылі ў прафэсыйных вучэльнях на выкананьне рабочай і дробнай адміністрацыйнай працы. Меркавалася, што яны будуць адбудоўваць заводы і рабіць іншую працу такога кшталту. Неўзабаве я іх спаткаў. Я спыніў аднаго такога чалавека з нашыўкай «OST» і спытаўся, хто ён і скуль ён. Ён па-расейску адказаў мне, што ён дабраахвотнік. Да нас ставяцца горш, чым да палонных, сказаў ён, і паказаў мне жытло, у якім іх трымалі: вялізныя баракі, у якіх людзі спалі на саламяных матрацах. Усе яны былі галодныя, стомленыя, змучаныя. Па 12 - 14 гадзінаў у дзень яны працавалі на чыгунцы, на фабрыках па пашыўцы амуніцыі. Вярнуцца дадому яны не маглі: за ўцёкі пагражала суворая кара. Ва ўсіх працоўных лягерах, якія я наведаў, панавала такая самая галеча, страх, роспач. Калі я быў ваеннапалонным, дык з мной абыходзіліся куды лепш, чым з гэтымі быццам бы свабоднымі людзьмі, якія з добрай ахвоты, самі паехалі ў Нямеччыну, думаючы, што іх там навучаць, зробяць спэцыялістамі, і яны вернуцца ў Беларусь прафэсыяналамі. Бачачы ўсё гэта, я паабяцаў сабе, што буду рабіць усё, каб беларускую моладзь не вывозілі з краіны.
Я купіў у кнігарні кнігу Гітлера «Mein Kampf» (на акупаваных тэрыторыях яе не прадавалі). Цэлы вечар я чытаў яе: Гітлер пісаў пра свае пляны захопу ўсходу, сьцьвярджаючы, што ўсходнеэўрапейскія славяне — гэта гной для нямецкай культуры і што ім нельга дазваляць вучыцца. Гэтыя тэрыторыі плянавалася заваяваць і прымусіць людзей працаваць на нямецкую расу. Цяпер я зразумеў словы барона фон Энгельгарда, зразумеў, чаму ўсе ягоныя намаганьні пайшлі намарна, нягледзячы на немалую падтрымку з структураў узброеных сілаў і з боку палітыкаў, што ведалі трохі ўсходнеэўрапейскую сытуацыю. Цяпер я зразумеў, што толькі Гітлер выракоўваў лёсы кантыненту. Стала ясна, што трэба моцна думаць, перш чым супрацоўнічаць зь немцамі. Немцы не зважалі на карэннае насельніцтва Беларусі, і доказам гэтага служыла рашэньне Гёрынга, які абвесьціў Белавескую пушчу ўласным паляўнічым рэзэрватам, загадаўшы пры гэтым спаліць навакольныя вёскі, каб тутэйшыя жыхары не карысталіся з прыродных багацьцяў пушчы. Пры гэтым загінула шмат дзяцей, жанчын, старых. Ацалелыя схаваліся ў лясох і далучыліся да савецкай партызанкі. І ўсё дзеля таго, каб Гёрынг мог баляваць зь сябрамі і гасьцямі, каб ім было дзе паляваць! Ён распараджаўся непаўторным беларускім лесам, як сваёй бацькаўшчынай.