Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Выбранае

Василь Быков

Шрифт:

Пад акном стаяў стол, ля стала была лаўка з алюмініевай міскаю, дзяўчынка пераставіла міску на канец стала і вытрасла ў яе з чыгунка бульбу. Рухі яе маленькіх рук былі натужлівыя і не надта спрытныя, хоць і старанныя; бачна было – яна са шчырасцю хацела дагадзіць людзям: дастала лыжкі, шмыганула некуды ў цемнаваты кут і паставіла на стол яшчэ і талерку з вялікімі зморшчанымі агуркамі. Пасля адступіла да печы, з цікавасцю пазіраючы на маўклівых, узброеных, аброслых шчэццю, мусіць, страшнаватых, але, безумоўна, цікавых для яе дзядзькоў.

– Ну, давай падрубаем, – падаўся да стала Рыбак.

Сотнікаў яшчэ

не адагрэўся, накалелае цела яго дробна трэслася, але ад бульбы на стале струменіла лёгкая пара, і ён памкнуўся з услона. Рыбак памог яму перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Так было лепей. Ён узяў цёплую, падгарэлую з аднаго боку бульбіну і прываліўся плячыма да беленых бёрнаў сцяны. Дзяўчынка з ранейшай спаважнасцю стаяла ў дзвярах, церабіла край шырмачкі, не зводзячы з дзядзькоў свайго зыркага позірку.

– А хлеба няма? – запытаў Рыбак.

– Дык учора Лёнік усё з’еў. Як мамку ждалі.

Рыбак неспяшліва дастаў з-за пазухі старастаў акраец і адламаў ад яго кавалак, потым адламаў яшчэ і моўчкі працягнуў дзяўчынцы. Тая далікатна ўзяла хлеб, але есці не стала – занесла кудысь за перагародку і вярнулася.

– І даўно матка малоціць? – запытаў Рыбак.

– Ад пазаўчора. Яна яшчэ тыдзень малаціць будзе.

– Панятна. Ты – старшая?

– Ага, я большая. Каця з Лёнікам малыя, а мне ўжо дзевяць гадоў.

– Многа. А немцаў у вас няма?

– Раз прыязджалі. Як мы з мамкай да цёткі Галены хадзілі. У нас падсвінка рабога ўзялі. На машыне павезлі.

Толькі Сотнікаў з’еў са дзве бульбіны, як прычапіўся кашаль. Хвіліну ён так біў яго, што аж выпінала ўсё з грудзей. Калі трохі палягчэла, стала ўжо не да бульбы – ён выпіў паўкварты вады і заплюшчыў вочы. У галаве хмельна кружылася, цела калаціла дрыжака. У адчуваннях нешта плыло, гойдалася, хваравітая знямога звабліва клікала туды, дзе забыццё і нябыт. Ён намагаўся асіліць яе, унутрана супраціўляўся, але адчуваў, што сілы яго хопіць ненадоўга. У завалочанай туманам хваравітай свядомасці хутка адплывалі ўдалячынь рэшткі тутэйшай явы, з якой хвіліну яшчэ гучалі пераблытаныя галасы Рыбака і дзяўчынкі.

– А маці тваю як зваць? – хрупаючы гурком, пытаўся Рыбак.

– Дзёмчыха.

– Ага. Значыць, ваш татка Дзёмка?

– Ну. А яшчэ Аўгіння мамку завуць.

Чутно было, Рыбак пацягнуўся за сталом, мусіць, каб узяць новую бульбіну, затупаў на падлозе ботамі. Размова на які час замоўкла, але потым азваўся цішэйшы, з прытоенай цікаўнасцю голас дзяўчынкі:

– Дзядзька, а вы парцізаны?

– А табе нашто ведаць? Малая яшчэ.

– А вот ведаю, што парцізаны.

– Ведаеш, дык маўчы.

– А таго дзядзьку, мусіць, ранілі? Ага?

– Ранілі ці не – аб тым ні гу-гу. Паняла?

Дзяўчынка памаўчала, Рыбак гучна хрупаў гурок.

– Я па мамку збегаю, добра?

– Сядзі і не рыпайся. А то яшчэ наклічаш якую халеру.

– ...Халера на іх! Людзі мы ці...

– Былі людзі...

Але гэта ўжо не цяперашняе – гэта голас з мінулага. Свядомасць яго яшчэ спраўляецца адзначыць амаль няўлоўны пераход у забыццё, і далей ужо Сотнікаў бачыць таго незнаёмага, параненага ў нагу лейтэнанта, які ледзьве шкандыбае ў калоне, апіраючыся на плячо таварыша. У лейтэнанта яшчэ забінтавана галава. Бінт стары, брудны, са счарнелаю карыной крыві над скроняю; ссохлыя вусны і нядобры

ліхаманкавы бляск у счырванелых вачах надаюць яго схуднеламу твару нейкі напаўвар’яцкі выгляд. Ад параненае яго нагі ідзе гэткі смурод, што Сотнікава ажно блажыць; саладкаваты пах гнілі атручвае паветра. Іх гоняць калонай у лес – рэдзенькі саснячок пры дарозе, пад нагамі перасыпаецца белы пясок з ігліцай, няшчадна пячэ паўдзённае сонца. Конныя і пешыя немцы ідуць абапал калоны.

Кажуць, гоняць расстрэльваць.

Яно падобна на праўду – тут тыя, каго адабралі з усёй тысячнай масы ў шталагу: палітработнікі, камуністы, жыды і розныя іншыя, што выклікалі чымсь падазрэнне ў немцаў. Сотнікава паставілі сюды за няўдалыя ўцёкі. Мусіць, там, на пясчаных пагорках, у хвойнічку іх і расстраляюць, яны ўжо адчуваюць гэта па тым, як, збочыўшы з дарогі, сабраліся, гучней загаркалі іх канваіры – пачалі збіваць у адзін гурт калону. На пагорках, бачна было, стаялі і яшчэ салдаты, мабыць, чакалі, каб арганізавана зрабіць сваю справу. Але, відаць, здараюцца непаладкі і ў немцаў. Калона яшчэ не дайшла да пагоркаў, як канваіры нешта загергеталі з тымі, што былі на лясным ускрайку, спыніліся і падалі каманду ўсім сесці на дол – як гэта звычайна рабілі, калі трэба было затрымаць калону. Палонныя паселі – цесненька, як і ішлі, на спякоце – і пад рулямі стрэльбаў сталі чагосьці чакаць.

Усе апошнія дні Сотнікаў быў нібыта ў прастрацыі. Ён мала што знясілеў без вады і харчу, дык яшчэ і зняверыўся ў людзях і сваім лёсе – пасля ўсяго, што здарылася, ужо не надта хацелася і жыць. Ад гарачыні ўнутры ўсё спрагла, але вады не было, як не было надзеі на які паратунак, і ён думаў: хай бы ўжо хутчэй стралялі, абы менш пакутаваць. Ён моўчкі, у паўзабыцці сядзеў так сярод цеснага гурту на калючай, сухой траве, без асаблівых дум у галаве і, мусіць, таму не адразу зразумеў сэнс ліхаманкавага шэпту побач:

«Хоць аднаго, а прыкончу. Усё адно...»

«Чакай, пабачым, што далей».

«Хіба не ясна што?»

Сотнікаў ціха скасіў позірк – той самы лейтэнант даставаў з-пад бінта на назе ножык – звычайны кішэнны складанчык велічынёй з палец, і ў ягоных вачах была такая роспачная рашучасць, што Сотнікаў падумаў: такога не ўтрымаеш! Мусіць, выскачыць і наробіць глупства, бо што ён яшчэ мог зрабіць тым складанчыкам? Той, да каго ён звяртаўся, – пажылы чалавек у камсастаўскай без пятліц гімнасцёрцы, – засцярожліва паглядваў на канваіраў – двое, паблізу сышоўшыся разам, прыкурвалі жоўтыя цыгарэты, адзін на кані трохі зводдаль пільна азіраў калону.

Яны яшчэ пасядзелі на сонцы, можа, хвілін пятнаццаць, пакуль ад пагоркаў не падалі каманду, і немцы пачалі паднімаць палонных. Сотнікаў ужо ведаў, на што наважыўся ягоны сусед, які цяпер пачаў неўпрыкмет забіраць з сярэдзіны калоны ўбок, бліжэй да канваіра. Канваір гэты быў дужы прыземісты немец, як і ўсе, з аўтаматам на грудзях, у прапацелым пад пахамі кіцелі; з-пад макраватай ад нізу суконнай пілоткі выбіваўся зусім не арыйскі – чорны, амаль смаляны чуб. Ён спехам дакурыў цыгарэту, цвыркнуў праз зубы і прыкрыкнуў на кагось у калоне, хто аслабела гробся, стараючыся падняцца з долу. Мусіць, ён хацеў падагнаць або выцяць палоннага і ступіў бліжэй. Якраз у той час лейтэнант, бы каршун, уссеў на яго ззаду і па самыя тронкі ўвагнаў складанчык у яго загарэлую шыю.

Поделиться:
Популярные книги

Имперец. Том 3

Романов Михаил Яковлевич
2. Имперец
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
7.50
рейтинг книги
Имперец. Том 3

Точка Бифуркации VII

Смит Дейлор
7. ТБ
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Точка Бифуркации VII

Чиновникъ Особых поручений

Кулаков Алексей Иванович
6. Александр Агренев
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Чиновникъ Особых поручений

Лабиринт Минотавра (сборник)

Шекли Роберт
Сборники Роберта Шекли
Фантастика:
научная фантастика
5.00
рейтинг книги
Лабиринт Минотавра (сборник)

"Избранные историко-биографические романы". Компиляция. Книги 1-10

Джордж Маргарет
Проза:
историческая проза
5.00
рейтинг книги
Избранные историко-биографические романы. Компиляция. Книги 1-10

Географ глобус пропил. Золото бунта

Иванов Алексей Викторович
Проза:
современная проза
7.86
рейтинг книги
Географ глобус пропил. Золото бунта

Бронзовый мальчик

Крапивин Владислав Петрович
2. Паруса Эспады
Детские:
детские приключения
8.62
рейтинг книги
Бронзовый мальчик

Polo или зеленые оковы

Зайцев Алексей
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
6.25
рейтинг книги
Polo или зеленые оковы

Суд времени. Выпуски № 23-34

Млечин Леонид Михайлович
Научно-образовательная:
история
политика
5.00
рейтинг книги
Суд времени. Выпуски № 23-34

А.и Б. Стругацкие. Собрание сочинений в 10 томах. Т.10

Стругацкие Аркадий и Борис
10. Собраниния сочинений в 10 томах
Фантастика:
научная фантастика
6.71
рейтинг книги
А.и Б. Стругацкие. Собрание сочинений в 10 томах. Т.10

Собрание произведений в одном томе

Жванецкий Михаил Михайлович
Полное собрание сочинений
Юмор:
юмористическая проза
7.00
рейтинг книги
Собрание произведений в одном томе

Богами становятся

Cuina-Lisse
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.17
рейтинг книги
Богами становятся

Кодекс Охотника. Книга XVII

Винокуров Юрий
17. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XVII

Я снова не князь! Книга XVII

Дрейк Сириус
17. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
6.25
рейтинг книги
Я снова не князь! Книга XVII