Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Выбранае

Василь Быков

Шрифт:

Байцы на пераездзе рупна ўляглі ў работу – капалі, дзяўблі, угрызаліся ў сцвярдзелую залеж зямлі. Пшанічны ледзь не па самыя плечы закапаўся ў рудую кучу гліны; далёка навокал адкідваючы рассыпастыя камякі, зухавата і весела асталёўваўся разгарачаны Свіст. Ён зняў з сябе ўсе папругі і вопратку і, застаўшыся ў гімнасцёрцы, спрытна сыпаў з яміны малой пехацінскай лапаткай. У дваццаці кроках ад яго, таксама над лініяй, час ад часу спыняючыся, адпачываючы і аглядваючыся на сяброў, крыху з меншым стараннем акопваўся Аўсееў. Ля самай будкі спрактыкавана ладзіў кулямётную пазіцыю старшына Карпенка;

на другі бок ад яго старанна дзёўб зямлю расчырванелы, потны Глечык. Нарыхліўшы жалезінай грунт, хлопец рукамі выкідваў яго, пасля прыгаршчамі выгортваў пясок і зноў дзёўб. Адзін толькі Фішар без справы самотна сядзеў у быльнягу, дзе яго пакінуў старшына, і, тулячы ў рукавы азяблыя рукі, гартаў нейкую кніжку.

За гэтым заняткам і ўбачыў яго Карпенка, калі, прыпыніўшы працу, выйшаў з-за старожкі. Старшына быў змораны, заклапочаны і адразу аж перасмыкнуў тварам, убачыўшы бяздзейнасць свайго падначаленага. Вылаяўшыся, ён накінуў на спацелую спіну скарэлы ад гразі шынель і накіраваўся па-над канавай да няўдакі-байца.

– Ну, што? Доўга вы будзеце сядзець? Можа, думаеце, што калі няма лапаткі, дык я вас у батальён адпраўлю, у бяспечнае месца?

З выгляду абыякавы да ўсяго, Фішар разгублена заміргаў пад акулярамі блізарукімі вачыма, няспрытна ўзняўся з долу і, заікаючыся ад хвалявання, хутка-хутка загаварыў:

– М-м-можаце не т-т-турбавацца, таварыш камандзір, гэта выключаецца. Я н-н-не менш за вас раз-з-з-зумею свае абавязкі і зраблю тое, шт-т-то трэба, без лішніх эксцэсаў. Вось...

Крыху здзіўлены і астуджаны нечаканым выпадам гэтага ціхага чалавека, старшына не знайшоў што сказаць далей, толькі перадражніў:

– Іш ты: эсцэксаў!

Яны стаялі так адзін супраць аднаго: усхваляваны, з дрыжачымі рукамі, вузкаплечы баец і ўжо супакоены, упэўнены ў сабе каржакаваты ўладарны камандзір. Карпенка, нахмурыўшы калючыя бровы, з хвіліну гадаў, што зрабіць з гэтым няўмекам, а пасля, успомніўшы, што трэба на ноч выставіць які-ніякі дазор, ужо спакайней сказаў:

– Вось што: бярыце вінтоўку і марш за мной.

Фішар не запытаў, куды і навошта, а з падкрэсленай абыякавасцю запіхнуў за пазуху кніжку, уздзеў на плячо вінтоўку з прымкнёным штыхом і, спатыкаючыся, пакорліва пабрыў за старшыной. Карпенка на хаду апранаў у рукавы шынель, аглядаў, як акопваліся астатнія. Мінаючы сваю ячэйку, ён коратка кінуў байцу:

– Вазьмі ж лапатку.

Яны выйшлі на пераезд і па заследжанай сотняю ног гразкай дарозе накіраваліся на пагорак з дзвюма бярозамі.

Тым часам паволі цямнела. Неба над лесам зусім счарнела ад хмар, якія шчыльна абклалі прастор і згусціліся на небасхіле змрочнай суцэльнай масай. Вецер усё не ўціхаў і злосна шкуматаў полы шынялёў, сівернай сцюжай пранікаў за каўнер, у рукавы, выпякаў з вачэй сцюдзёныя слёзы.

Карпенка крочыў хутка, не вельмі разбіраючы дарогі і не дужа шануючы свае кірзавыя новыя боты – адзіную адзнаку яго камандзірскай годнасці. Затуляючыся ад ветру каўняром шыняля, у нацягненай на вушы пілотцы, за ім шкандыбаў Фішар. Баец зноў набыў свой звычайны, абыякавы да ўсяго выгляд і, скіраваўшы позірк у загусцелую гразь дарогі, асцерагаўся паварушыць забінтаванай, балючай ад скулаў шыяй. У канавах шапацела на ветры лісце,

наўкола тапырылася ржышча асірочанага восенню поля.

З сярэдзіны касагора Карпенка азірнуўся, каб агледзець зводдаль пазіцыю свайго ўзвода, і ўбачыў, што яго падначалены адстаў далёка і ледзьве плёўся, зноў чытаючы на хаду сваю кніжку. Міжвольна падзівіўшыся з гэткай кніжнай цікаўнасці, Карпенка спыніўся і чакаў, пакуль той даганяў яго. Але Фішар не вельмі спяшаўся, ён так паглыбіўся ў свой занятак, што не бачыў і старшыну, забыўся, відаць, куды і навошта ішоў, толькі нешта варушыў сабе вуснамі. Старшына нахмурыўся, але тут яго самога ўзяла цікавасць, і ён не закрычаў, а нецярпліва пераступіў па гразі і строга спытаў:

– Што гэта за кніжка ў вас?

Фішар, відаць, яшчэ не забыўшыся на нядаўнюю сварку, стрымана бліснуў акулярамі і адхінуў чорную вокладку.

– Біяграфія Чэліні.

– А то хто? – Карпенка кіўнуў на фотаздымак, дзе на чорным фоне стаяў нейкі голы з валасатай галавой чалавек і, пазіраючы ўбок, хмурыў бровы.

– Давід! – тым часам абвясціў Фішар. – Славутая статуя Мікеланджэла. Зразумела?

Але Карпенка не зразумеў нічога. Ён яшчэ зірнуў на здымак, акінуў недаверлівым позіркам Фішара і, абыякавы да кніжкі, ступіў наперад. Трэба было спяшацца, каб завідна выбраць, дзе паставіць сакрэт, і старшына шпаркім крокам рушыў далей. А Фішар заклапочана ўздыхнуў, расшпіліў процівагазную сумку і ў дадатак да кавалка хлеба, старога «Огонька» і патронаў, якімі была напіхана яна, ашчадна засунуў туды і кніжку. Пасля, крыху павесялелы, ужо не адстаючы, ішоў за старшыной.

– Вы што – сапраўды які вучоны? – невядома чаму насцярожыўшыся, ваўкавата запытаў Карпенка.

– Ну, вучоны – можа, празмернае вызначэнне для мяне. Я толькі кандыдат мастацтвазнаўства.

Карпенка трохі памаўчаў, намагаючыся зразумець штосьці, а пасля неяк прыцішана, быццам баючыся выявіць сваю цікаўнасць, запытаў:

– Гэта што? Па карцінках спец, ці як?

– I па карцінах, але я галоўным чынам па скульптуры эпохі Адраджэння. У прыватнасці, спецыялізаваўся па італьянскай скульптуры.

Яны выйшлі на пагорак, з-за якога адкрыліся новыя, ужо азмрочаныя вечарам далі – поле, лагчына з хмызняком, далёкі ельнік, наперадзе ля дарогі – саламяныя стрэхі вёскі. Побач, ля канавы, растросшы на ветры тонкае голле, жалобна шумелі зрудзелым лісцем бярозы. Яны былі тоўстыя і, відаць, дужа старыя, гэтыя спрадвечныя вартавыя шляхоў, – з парэпанай ад старасці, счарнелай карою, густа абсыпаныя цвёрдымі капытамі нарастаў, з пазабіванымі ў бакі чыгуначнымі кастылямі. Пад бярозамі старшына збочыў з дарогі, пераскочыў канаву і, зашастаўшы ботамі па ржышчы, накіраваўся ў поле.

– А што ён, гэты голы, з гіпсу злеплены, ці як? – запытаў ён, уступіўшы сваёй нечаканай цікаўнасці.

Фішар стрымана, аднымі вуснамі паблажліва ўсміхнуўся, як да малога, і вытлумачыў:

– О не. Гэтая пяціметровая фігура Давіда высечана з крыцкага мармуру. Наогул гіпс як матэрыял для манументальнай скульптуры ў старажытнасць і ў часы Рэнесансу амаль не ўжываўся. Гэта ўжо атрыбут новага часу.

Старшына падумаў.

– Кажаш, з мармуру? А чым жа ён такую аграмадзіну высек? Можа, якой машынай?

Поделиться:
Популярные книги

"Фантастика 2025-4". Компиляция. Книги 1-26

Бриз Илья
Фантастика 2025. Компиляция
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Фантастика 2025-4. Компиляция. Книги 1-26

Учитель из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
6. Соприкосновение миров
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Учитель из прошлого тысячелетия

Александр I

Сахаров Андрей Николаевич
16. Романовы. Династия в романах
Проза:
историческая проза
5.00
рейтинг книги
Александр I

Бастард

Осадчук Алексей Витальевич
1. Последняя жизнь
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
попаданцы
5.86
рейтинг книги
Бастард

Сборник рассказов "Рождественское Чудо" 2021

Пьянкова Карина Сергеевна
Любовные романы:
современные любовные романы
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Сборник рассказов Рождественское Чудо 2021

Кетополис: Киты и броненосцы

Грин Грэй Ф.
1. Кетополис
Фантастика:
социально-философская фантастика
научная фантастика
стимпанк
7.78
рейтинг книги
Кетополис: Киты и броненосцы

Ваше Сиятельство

Моури Эрли
1. Ваше Сиятельство
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Ваше Сиятельство

60-я параллель

Успенский Лев Васильевич
Проза:
военная проза
5.00
рейтинг книги
60-я параллель

Эльфы. Во власти тьмы

Баркли Джеймс
Эльфы
Фантастика:
боевая фантастика
5.50
рейтинг книги
Эльфы. Во власти тьмы

Немецкий детектив

Кирст Ханс
Детективы:
прочие детективы
5.00
рейтинг книги
Немецкий детектив

Сборник.Том 2

Азимов Айзек
2. Отцы-основатели. Весь Азимов
Фантастика:
научная фантастика
5.00
рейтинг книги
Сборник.Том 2

Королевская кровь - 2

Котова Ирина Владимировна
Фантастика:
героическая фантастика
5.60
рейтинг книги
Королевская кровь - 2

Джон Голсуорси. Собрание сочинений в 16 томах. Том 15

Голсуорси Джон
15. Собрание сочинений
Проза:
классическая проза
5.00
рейтинг книги
Джон Голсуорси. Собрание сочинений в 16 томах. Том 15

Рассвет русского царства 3

Грехов Тимофей
3. Новая Русь
Фантастика:
историческое фэнтези
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Рассвет русского царства 3