Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Прысуд

Кафка Франц

Шрифт:

“Бо яна задзерла спадніцу, – пачаў спяваць бацька, – бо яна задзерла спадніцу, брыдкая гусь, – і дзеля ілюстрацыі ён падняў сваю кашулю так высока, што можна было ўверсе на сцягне бачыць шнар з ваеннага часу, – бо яна падняла спадніцу гэтак, гэтак і гэтак, ты зблізіўся з ёю і, дзеля таго, каб бесперашкодна атрымліваць задавальненне, зганьбіў памяць нашае маці, здрадзіў сябру і ўпіхнуў свайго бацьку ў ложак, каб ён не мог і варухнуцца. Дык можа ён варушыцца ці не?” Ён стаяў, зусім ні за што не трымаючыся, і размахваў нагамі, аж ззяючы ад сваёй праніклівасці.

Георг трымаўся ў куце, як найдалей ад бацькі.

Ужо задоўга да гэтага ён цвёрда вырашыў зусім дакладна паназіраць за ўсім, каб не быць заспетым знянацку збоку, ззаду, зверху. Цяпер ён успомніў пра даўно забытае рашэнне і зноў забыўся на яго – гэтак праз вуха іголкі працягваецца кароткая нітка.

“Але ж сябру не здрадзілі! – ускрыкнуў бацька, а ягоны палец, што ківаўся то ў адзін, то ў іншы бок, пацвярджаў гэта. – Я яго тут замяшчаў”.

“Камедыянт!” – Георг не мог устрымацца, каб не ўскрыкнуць, але тут жа ўцяміў, што зрабіў глупства, і, вытрашчыўшы вочы, прыкусіў – на жаль, занадта позна – язык і аж сцяўся ад болю.

“Ну, вядома ж, я ламаў камедыю! Камедыю! Добрае слова! Якое яшчэ суцяшэнне засталося ў старога, удовага бацькі? Скажы – і на гэты момант адказу будзь яшчэ маім жывым сынам, – што ж засталося ў маім заднім пакоі рабіць мне, праследаванаму здрадлівай прыслугай, мне, каму старасць ужо ўвайшла ў косці? А мой сын, трыюмфуючы, ішоў па свеце, рабіў гешэфты, падрыхтаваныя мною, зіхцеў ад задаволенасці і расквітаўся з бацькам з непранікнёным тварам чалавека гонару! Думаеш, я цябе не любіў бы – я, ад якога ты паходзіш?”

“Зараз ён нахіліцца, – падумаў Георг. – Каб ён упаў і разбіўся!” Гэтае слова з сыканнем прымільгнула ў яго ў галаве.

Бацька нахіліўся наперад, але не ўпаў. Георг не набліжаўся, як ён чакаў, і таму бацька зноў выпрастаўся.

“Застанься там, дзе цяпер: ты мне не патрэбен! Думаеш, у цябе яшчэ ёсць сілы, каб падысці сюды, а ты адно трымаешся ззаду, бо гэтак хочаш? Каб жа ты не памыліўся! Я па-ранейшаму нашмат дужэйшы. Сам я, магчыма, і адступіўся б, але маці аддала мне сваю сілу; я паяднаўся гэтак слаўна з тваім сябрам; твая кліентура ў мяне тут, у кішэні!”

“У яго нават у начной кашулі ёсць кішэні!” – сказаў сабе Георг і падумаў, што праз гэтую заўвагу ён можа зрабіць бацьку невыносным для цэлага свету. Толькі нейкую хвілю ён думаў пра гэта, бо пастаянна на ўсё забываўся.

“Вазьмі толькі пад ручку сваю нявесту і паспрабуй мне папасціся! Я ў цябе яе адаб'ю – ты не будзеш ведаць, як!”

Георг скрывіўся, быццам бы не верачы ў тое. Бацька адно ківаў галавою ў бок Георгавага кута, засведчваючы слушнасць таго, што гаварыў.

“Як жа ты сёння мяне пазабавіў, калі прыйшоў і спытаўся ў мяне, ці ты павінен пісаць сябру пра свае заручыны. Дурны хлопча, ён жа ўсё ведае! Я яму напісаў, калі ты забыў забраць у мяне прылады для пісьма. Таму ён ужо колькі гадоў не прыязджае, бо ведае пра ўсё ў тысячу разоў лепей, чым ты сам; твае лісты ён, не чытаючы, камечыць у левай руцэ, адначасна ў правай трымаючы падрыхтаваныя да чытання мае лісты!”

Бацька з захапленнем размахваў рукою па-над галавой. “Ён ведае ўсё ў тысячу разоў лепей!” – крычаў ён.

“У дзесяць тысяч разоў!” – сказаў Георг, каб пацвяліць бацьку, але ў ягоных вуснах гэтае слова набыло ўжо смяртэльна сур'ёзнае гучанне.

“Ужо колькі гадоў чакаю, калі ты прыйдзеш да мяне з гэтым пытаннем! Ты думаеш,

мяне турбуе нешта іншае? Ты думаеш, я чытаю газеты? Вось!” – I ён кінуў Георгу газету, якая нейкім чынам трапіла ў ложак. Гэта была старая газета з загалоўкам, зусім ужо не вядомым Георгу.

“Як жа доўга ты цягнуў з тым, каб зрабіцца дарослым! Павінна была памерці маці, не здолеўшы дачакацца дня радасці; сябар гіне ў той сваёй Расіі: ужо тры гады таму ён быў гэткі жоўты, што яго можна было выкідваць на сметнік; а я... сам бачыш, што са мною. У цябе ж на гэта ёсць вочы!”

“Значыцца, ты віжаваў за мною!” – ускрыкнуў Георг.

Са спачуваннем бацька кінуў мімаходзь:

“Відаць, ты хацеў сказаць пра гэта раней. Цяпер яно не мае ніякага сэнсу”. I дадаў гучней: “Цяпер вось ты ведаеш пра тое, што існавала па-за табой; раней ты ведаў адно пра сябе. Уласна, ты быў бязвінным дзіцем, але яшчэ больш, уласна, ты быў д'ябальскім чалавекам! I таму ведай: я асуджаю цябе на смерць праз утапленне!”

Георг адчуў сябе выгнаным з пакоя, а ўвушшу ў яго яшчэ стаяў той грукат, з якім бацька ззаду за ім паваліўся на ложак. На лесвіцы, па прыступках якой ён ляцеў, як па нахільнай плоскасці, ён напалохаў прыслугу, што збіралася падняцца ў пакой і прыбраць у ім пасля ночы. “О Езус!” – ускрыкнула яна і затуліла хвартухом твар, але Георга ўжо не было. Ён выскачыў з дзвярэй; нейкая сіла гнала яго праз вуліцу да вады. Ён ужо трымаўся моцна за парэнчы, як галодны чалавек за харчы. Ён перакінуў цераз іх ногі, як знакаміты гімнаст, якім ён – гэтым ганарыліся бацькі – быў у маладыя гады. Ён яшчэ трымаўся слабеючымі далонямі, згледзеў паміж штангамі парэнчаў нейкі аўтобус, які з лёгкасцю заглушыў бы гук ад яго падзення, і ціха ўсклікнуў: “Дарагія бацькі, я ўсё-такі вас любіў”, – і рынуўся долу.

У гэтай хвілі на мосце быў якраз несупынны рух.

Выкрыццё махляра

Нарэшце, каля дзесятай увечары, разам з нейкім даўней павярхоўна знаёмым мне чалавекам, які ні з таго ні з сяго гэтым разам зноў далучыўся да мяне і цэлыя дзве гадзіны цягаў мяне туды-сюды па вуліцах, я падышоў да дома тых гаспадароў, да якіх быў запрошаны на сяброўскую бяседу.

– Так! – сказаў я і пляснуў далонямі, паказваючы, што абавязкова мушу з ім развітацца. Перад тым я ўжо некалькі разоў рабіў дзеля тае самае мэты менш рашучыя спробы. Я ўжо быў зусім стомлены.

– Ці вы адразу пойдзеце наверх? – спытаўся ён. Пры гэтым я пачуў з ягонага рота гукі, падобныя да ляскату зубоў.

– Адразу ж пайду.

Я ж быў запрошаны і загадзя яму пра гэта сказаў. Мяне ж запрашалі ў кватэру, дзе б я ўжо з задавальненнем сабе сядзеў – а не выстойваць тут пад брамаю і паглядаць паўзверх вушэй свайго суразмоўцы. Да таго ж маўчаць, быццам бы мы вырашылі затрымацца ў гэтым месцы на доўгі час. I цяпер у гэтым маўчанні ўдзельнічалі дамы, што стаялі наўкола, ды цемра, што распасціралася над імі ажно да самых зорак. I крокі нябачных прахожых, што ішлі дарогамі, напрамкі якіх не было ахвоты адгадваць; вецер, што ўвесь час прыціскаўся да супрацьлеглага боку вуліцы; грамафон, які граў праз зачыненае акно нейкага пакоя – усё гэта таксама адгукалася з гэтага маўчання, нібыта яно раз і назаўсёды было іх уласнасцю.

Поделиться:
Популярные книги

Люди, годы, жизнь

Эренбург Илья Григорьевич
Мой 20 век
Документальная литература:
биографии и мемуары
6.00
рейтинг книги
Люди, годы, жизнь

Барон переписывает правила

Ренгач Евгений
10. Закон сильного
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Барон переписывает правила

Эпоха Опустошителя. Том II

Павлов Вел
2. Вечное Ристалище
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Эпоха Опустошителя. Том II

Избранное

Герт Юрий Михайлович
Проза:
современная проза
5.00
рейтинг книги
Избранное

Год 1944 — «победный»

Бешанов Владимир Васильевич
Великая Отечественная : Неизвестная война
Научно-образовательная:
военная история
6.00
рейтинг книги
Год 1944 — «победный»

Точка Бифуркации XVI

Смит Дейлор
16. ТБ
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Точка Бифуркации XVI

Императорский воспитанник

Дэвлин Джейд
Фантастика:
фэнтези
7.50
рейтинг книги
Императорский воспитанник

Принадлежать им

Зайцева Мария
Любовные романы:
современные любовные романы
5.40
рейтинг книги
Принадлежать им

Черный лебедь. Тетралогия

Мид Райчел
Черный Лебедь
Фантастика:
фэнтези
ужасы и мистика
детективная фантастика
8.74
рейтинг книги
Черный лебедь. Тетралогия

Bash.org.ru 2007.07-09

Bash.org.ru
Юмор:
прочий юмор
5.00
рейтинг книги
Bash.org.ru 2007.07-09

Любовь как закладная жизни

Горовая Ольга Вадимовна
2. Любовь в формате рыночных отношений
Любовные романы:
современные любовные романы
9.50
рейтинг книги
Любовь как закладная жизни

Ночи Истории

Сабатини Рафаэль
Проза:
историческая проза
5.00
рейтинг книги
Ночи Истории

Тринадцатый V

NikL
5. Видящий смерть
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.50
рейтинг книги
Тринадцатый V

История украинского народа. Автобиография

Грушевський Михайло Сергійович
Документальная литература:
биографии и мемуары
5.00
рейтинг книги
История украинского народа. Автобиография